Уладар рыбаў - страница 16

Шрифт
Интервал


– Заходзь-заходзь, Вінсэнты. Не бойся, я не глюк. Я гэткая ж аб’ектыўная рэальнасць, дадзеная нам у адчуваннях, як і ты, ме-еўжду протчым.

Сутаргава зглынуўшы, на ватных нагах, з тым жа неміргаючым позіркам і выставіўшы адну руку ўперад, Вінусь паволі, як не ўмеючы хадзіць, пасунуўся да стала.

– Ну дакраніся, каб упэўніцца. Што за людзі, нігілісты ўсе як адзін. Толькі б памацаць, пакамечыць, на зуб узяць… Смялей, смялей. Дайце вы рады, так напалохацца.

– Гэ-гэ-тага не можа быць, – ледзьве прашаптаў збялелы хлопец.

– Ну яшчэ дадай: таму што не можа быць аніколі, – іранізаваў кацяра. – Ды не тры ты вочы, я – сапраўдны, нават больш, чым ты думаеш. Сядай, кажу табе. Ты ж сам мяне запрасіў. Праўда, не дужа ветліва. Ды мне ўжо, шчыра кажучы, абрыдла з табою паманьвацца, занадта прадказальна ты рэагуеш на мае жарты. Даўно хацеў бліжэй пазнаёміцца, ды ўсё неяк нагоды не было – зашмат наведвальнікаў у цябе.

Вінусь збянтэжана разглядаў незвычайнага госця. Хітрыя жоўтыя вочы і вялізны чырвоны нос.

– Ага, яшчэ скажы, як у п’яніцы. Чыя б ужо карова рыкала… Я ўжываю выключна высакародныя напоі, а не нейкіх там «буслоў». А нос такі – ад прыроды. Парода мая такая, асаблівая. Nulla fides fronti – як кажуць, не давярай знешнасці. Дарэчы, маю гонар, Апостраф.

– Вінусь, – прамармытаў хлапец.

– Ведаю, ведаю. А яшчэ ён жа Вінсэнт, ён жа Віна, ён жа Віначка і гэтак далей. А я проста Апостраф. А гэта – Палагея, – адрэкамендаваў кот рыбіну, тая нічога не адказала. – Ну, прымай гасцей.

Заўважыўшы разгубленасць у вачах хлопца, кот мовіў:

– Ага, ты, пэўне, не ведаеш, чым нас частаваць, што ядуць каты такога палёту. Клопат, першы і апошні раз прыходжу са сваім. Ну, падсоўвай фатэль – не люблю табурэцікаў, зэдлікаў і рознай часовай мэблі. Фатэль – вялізны, мяккі – на вякі, ён адпавядае майму светаадчуванню. Нясі келіхі, канечне, калі ў цябе нешта маецца, апроч цудам ацалелых чарак.

Вінусь пасунуўся за кубкамі на кухню. Ён па-вар’яцку ўсміхаўся і ўжо цалкам прымаў гэтую дзіўную гульню ашалелай фантазіі – можа, прынесены Аглаяй зёл даўся ў знакі?

Кот, нягледзячы на свае памеры і таўшчыню, быў надзвычай рухавы і спрытны. 3 ніадкуль ён дастаў марціні, тут жа аформіў келіх цукровым абадком са скрыльком лімона, сінім парасончыкам ды саломінкай – для Вінуся – выпрацоўвай эстэтычны густ. Пузатую запацелую пляшку тэкілы, соль і зноў жа нарэзаны лімон – для сябе. I прыгожую разетачку, у якой кішэла цёмна-чырвонае змесціва – матыль, – для рыбіны, а таксама пластыкавую бутэльку «Мінскай-4».