Першае апісанне герба Жамойціі, або Жмудзі датуецца 1584 г. У выдадзеным у гэтым годзе гербоўніку Бартоша Папроцкага паведамляецца, што мядзведзь чорны ў чырвоным полі, на шыі мядзведзя – ашыйнік. Згодна правілаў геральдыкі ашыйнік сімвалізуе пакору, скарэнне. Магчыма такім чынам было адлюстравана ўключэнне Жмудзі ў склад вялікага княства.
З 1669 г. выява герба Жмудзі, як аднаго з тэрытарыяльных гербаў Вялікага князства, пачала змяшчацца на Вялікай Дзяржаўнай пячатцы Вялікага княства.
Герб Жамойцкага староства ВКЛ
Выява герба Жмудзі ёсць таксама і ў гербоўніку 1578 г., на некаторых манетах вялікага княства. Аб ім пісаў паэт-літвін Адам Міцкевіч у паэме «Пан Тадэвуш», кажучы аб паўстанні супраць расійскіх акупацыйных улад: «Хай тут, пачуўшы заклік, заржэ „Пагоня“, зараве „Мядзведзь“ у Жмудзі…».
Такім чынам, гістарычны герб Жмудзі – мядзведзь. Аднак ён не стаў гербам ні губерняў Расійскай імперыі, што былі створаны на тэрыторыі цяперашняй Рэспублікі Лiтувы, ні створанай у 1919 г. незалежнай Рэспублікі Лiтувы.
Наогул, гербы Сувалкаўскай і Ковенскай губерняў, зацверджаныя, адпаведна 25 лютага 1869 г. і 5 ліпеня 1878 г., напэўна былі пладамі фантазіі чыноўнікаў расійскай герольдыі: у залатым полі першага – на чорным пагорку зялёная елка, па якой два хвалістых блакітных пасы; у блакітным полі другога – срэбны помнік, узведзены ў Коўна на ўспамін вайны 1812 г., які ўпрыгожаны залатымі імператарскімі арламі і ўвянчаны залатым рускім, з двума перакладзінамі ўверсе, крыжом. Кожны герб акружаны залатымі дубовымі галінкамі, перавітымі блакітнай Андрэеўскай стужкай і увянчаны залатой імператарскай каронай.