Царква абрала святога Георгія нябесным апекуном рыцараў – удзельнікаў крыжовых паходаў супраць мусульман i паганцаў. Выява святога Георгія ў выглядзе коннага рыцара мае глыбокі сэнс: белы (срэбны) колер вершніка i яго каня сімвалізуе чысціню хрысціянства i вернасць запаветам Хрыста, меч – сродак барацьбы за веру, чырвоны колер – поле, залітае крывёю ворагаў хрысціянства. Шмат якія знатныя людзі i цэлыя народы лічылі святога Георгія сваім нябесным апекуном i абаронцам. Напрыклад, выява коннага воіна на княжацкіх пячатках i гербах полацкіх i маскоўскіх князёў – сведчанне іх паходжання ад агульных продкаў – кіеўскіх князёў, нябесным заступнікам якіх лічыўся святы Георгій, бо дакладна вядома, што пачынальнікам роду полацкіх князёў Iзяславiчаў з’яўляецца князь Iзяслаў – сын Вялікага князя кіеўскага Уладзіміра i полацкай князёўны Рагнеды.
Пячатка князя Ізяслава, знойдзеная ў Ноўгарадзе ў 1953 г.
Гербам Вялікага князя Вітаўта быў відазменены герб «Трызуб», які атрымаў назвы «Слупы Гедымiнавiчаў», або «Калоны»:
Ноўгарадскія манеты з выявай «сабельника» – «саблицы»
Дарэчы, на пячатках i манетах князёў выява вершніка сустракаецца даволі часта. У рускай сфрагістыцы пячаткі з выявай вершніка вядомы з першай паловы XIII ст. У гэты час самым распаўсюджаным сюжэтам пячатак была выява двух святых, якія азначалі імя князя i імя яго бацькі. Так, напрыклад, на пячатках князя Мсціслава Мсцiславiча (пам. у 1328) – выява вершніка ўправа з дзідай у руцэ i шасцiканцовым крыжам над плячом. Да гэтага ж часу адносіцца i пячатка князя Усевалада Юр’евіча з выявай вершніка на яе адваротным баку. А на пячатках Аляксандра Неўскага была выява каранаванага вершніка ўправа, які трымаў у правай руцэ падняты меч. Падобныя выявы мелі на сваіх пячатках Юрый Даўгарукі, Дзмітрый Данскі, Барыс Цвярскi, Іван Мажайскі i полацкія князі. Такім чынам, вершнік, узброены мячом або дзідай, – вельмі распаўсюджаная выява на пячатках князёў. Гэта выява потым з’явілася i на маскоўскіх грошах XIV – XVI ст.

Падобныя выявы сустракаюцца i на пячатках польскіх князёў: Мешкi Старога, Конрада Мазавецкага, яго сыноў Баляслава i Казіміра, Пшамыслава Велiкапольскага; чэшскіх каралёў Пшамыслава Отакара i Вацлава II.
Адной з найстаражытнейшых вядомых пячатай з такой выявай з’яўляецца пячатка князя люцічаў Багуслава, датуемая 1170 г.