Сляза ляза - страница 10

Шрифт
Интервал


Падары па аскепках свой цень небакрайны,
Распрані маю душу сунічным паглядам.
А пасля, калі пойдзеш, мой сон неахайны
Ты ўвазьмі за сабой… на ўсялякі… выпадак…

Цяжарнасць

Птушка-ноч распрастала крылы,
Зоркі-пёркі пападалі ў сны…
Пожняй стомленай поўня застыла
У адбітках на нырках вады…
Задухмянай задухі шыпшына
Калыхае мацункі любві…
Конік чорны хрупоніць няспынна
І пяшчоцяцца веццем сады…
Птушка-ноч прамільгнула і сплыла:
Росны водар абняў паплавы…
Золкам волкім пад сэрцам круціла
Патаўсцелай, цяжарнай зямлі…

«калі лісце над крыжам пажоўкне…»

калі лісце над крыжам пажоўкне
гэта будзе, напэўна, субота.
дзень калі ад сусвету ты вольны
і як восень – безабаронны
калі лісце над крыжам змярцвее
то надыйдуць, хутчэй, снегавеі.
дні, дзе холад дарэшты наспее
ў непрабудных абдымках Марфея.
калі лісця над крыжам ня будзе,
груганы завітаюць, не людзі,
да сірочай магілкі што ў смузе
лісцем цісне на вочы, на грудзі…

Да вытокаў

на схоне лета душа
да вытокаў вяртаецца
павольным узмахам
крыла
матыля
які ад нараджэння жыве
для агня
не больш за імгненне
дзідай трызнення
што скрозь брамы
ўяўлення
пранізае часу прасторы
пакуль у павуцінне
нябыту не згіне
нібы на страчанай векам карціне
водар язьміну…
вочы вусеня бачаць
час сваёй смерці
час сталення, калі выраслі дзеці
ды жадання апошняга мэты
матыльком праляцець
скрозь планету,
за душой палымнянаю лета
на акрайцы асадцы паэта
недзе там, дзе вытокі радкоў
ператвараюцца
з вусеняў
у матылькоў.

«Апранулася восень у шалік лістоў…»

Апранулася восень у шалік лістоў,
у сукенку пажоўклага свету…
Капялюшык з халодна-гуллівых вятроў
Пасуе ёй, а мне так нясцерпна…
Нібы з лесу вярнуліся сны
пра герояў паўстання у Слуцку,
Быццам нас не знайшлі змагары,
Што жыццё аддалі у пакутах…
Апранулася восень у дождж,
Капялюшык крывёй набрынялы..
Побач з намі, вакол ды і ўздоўж
успамін пра Радзіму апалы…

Менчанка

Не Кракаў, не Варшава, не Залессе…
Гародня? Не… Не Беласток…
Вілейка мо? Ці Брэст? Палессе?
Ад Менску ўсё бярэ выток…
Не Вільні светач… Талін? Рыга?
Ці Прагі златай голас-звон?
Вясновай светлаю адлігай
На Менскі узыходзіш трон…
Адкуль? З чаго? Яны паўсталі,
Красой тваёй з’яднаны ў міг.
І Крэўным Знічам заблішчалі,
Як быццам Вечнасці уздых…
Ан не… І ўсё ж такі, канечне,
Радзімы светлае крыло
Варшаву, Кракаў і Залессе
Даруе мне сталічным сном.

Варажбіт

Сполахам роснага ранку
На тонях жыццёвага сну