Якія робім высновы? Так, трэба абавязкова прыслухоўвацца да голасу народнай мудрасці, але пры гэтым памятаць, што вера стаіць над ёй. Вера знаходзіцца на парадак вышэй за любыя прыкметы, павер’і, варожбы, вопыт прошлых пакаленняў. Але не сляпая, а заснаваная на ведах, таму што безагаворачна паверыць, паверыць на самай справе, можна толькі таму, што сам перажыў.
***
Аб тым, як веданне прыкмет дапамагло мне, будзе прыклад.
У свой час я выйшла замуж, як кажуць, «па залёце». Мы не любілі адзін аднаго, але ж «гады ідуць», «дзіцяці патрэбен бацька»… Карацей, усе гэтыя стэрэатыпы спрацавалі. Да чаго гэта прывяло? Я амаль не страціла не толькі мужа, але і дачку. Як гэта адбылося? Зараз раскажу. Кожны чалавек хоча быць шчаслівым. Узнікненню такога самаадчування на той час перашкаджалі дысгарманічныя адносіны з нелюбімым чалавекам. І падсвядома я заўсёды хацела яго пазбавіцца. Жаданне паступова даходзіла да Бога. Як вынік, у хаце пачалі здарацца незвычайныя рэчы: спачатку заляцела ў пакой сініца, потым засохла яблыня, трэснула шкло ў акне, з печкі абсыпалася цэгла. І калі Насця, нарэшце, пабудавала з кубікаў помнік, потым паклала пад яго ляльку, намаляваўшы спачатку ёй на шыі чырвоную паласу, у мяне на галаве заварушыліся валасы. Я запытала, што яна робіць. Насця адказала, што дзяўчынку збіла машына, і яе трэба пахаваць, таму яна і зрабіла ёй помнік.
Згодна добра вядомых мне народных павер’яў, спярша я павінна была страціць мужа, а потым і дачку. Прычым тут дачка, запытаеце вы, калі я хацела пазбавіцца ад мужа? Тут амаль не спрацаваў яшчэ адзін стэрэатып: «Хочаш пазбавіцца нямілага, Бог забярэ любімага». Мяне ахапіў жах. Трэба было нешта рабіць, і хутка. І я зрабіла. Падала на развод, забрала дачку і пераехала з ёй да бацькоў. Зараз мне сустракаюцца толькі добрыя прыкметы. Бо я так хачу. Я здолела перавярнуць усё ў сваім жыцці, каб распачаць зноўку. А вы?
***
Неўзабаве пасля азначаных падзей, падчас майго знаходжання на сесіі, сябар распавёў мне легенду. Сутнасць яе заключалася ў тым, што два чалавекі, жадаючы даведацца аб сваім далейшым лёсе, пайшлі да прадказальніка. Аднаму з іх ён напрарочыў, што праз год той стане князем, а другому сказаў, што праз год яго ўжо не будзе ў жывых. Той, якому нагадалі ўладу і багацце, вырашыў, што, паколькі яго чакае такі выдатны лёс, не варта больш працаваць над сабой і пусціўся ва «усе цяжкія»: пачаў піць, гуляць… Другі ж вырашыў, што раз жыць яму засталося ўсяго нічога, трэба зрабіць за гэты час усё, што ў яго сілах, для самаўдасканалення, каб паміраць было не сорамна.