Мястэчка - страница 28

Шрифт
Интервал


– А ён з ёй нічога не зробіць? – гэта Руслана пацікавілася асцярожна.

– За цэлы дзень нічога не зрабіў, – адказала Таня, – не зробіць і далей.

– Упэўнена? – уважліва паглядзела на яе Аля. – Вы былі ўдвух. Зараз яна адна. Кеміш?

– Я цябе ўмаляю! – запярэчыла Таня. – Пінокіа не маньяк. Ён нават не ў курсе з якога боку падысці да дзяўчыны.

– Ну-ну, – прамовіла Аля. – А Дашка ваша рэальна крутая, – раптам прамовіла. – Хоць адстой гэты разварушыць, сабе, праўда, у шкоду. Але я буду хварэць за яе.

Размова прыпынілася пры з'яўленні харэографа Сяргея Мялешкі – жанчынападобнага маладога чалавека аднаго ўзросту з Мікалаем Міхайлавічам. Яны не сябравалі, але па працы даводзілася сутыкацца. Між іншым, Сяргея дзяўчаты клікалі толькі па імені. Не таму, што менш паважалі, а таму, што ну смешна звяртацца да сяброўкі, як да Мікалая Міхайлавіча. Дзяўчаты ставіліся да свайго кіраўніка з любоўю, але не як да мужчыны. Сяргея гэта не хвалявала і ніяк не кранала. Ён ведаў і любіў сваю справу, а яго асабістае жыццё і асабістыя прыхільнасці нікога не павінны былі калыхаць.

Рэпетыцыя пачалася.

Для размінкі паўтарылі «Дзікія танцы» Русланы. Потым выканалі некалькі хіп-хопавых рэчаў, з якімі перамаглі на абласным конкурсе сучаснага танца. Пасля Сяргей паведаміў, што прыйшлі паперы з Міністэрства культуры аб правядзенні тэматычнага рэспубліканскага конкурсу «За квітнеючую Беларусь», які пройдзе ў сталіцы дзяржавы ў снежні. Іх калектыў запрошаны прыняць удзел. Значыць, трэба шукаць новую музыку і новыя вобразы. Усе пагадзіліся і, безумоўна, узрадаваліся. Пачнецца сапраўдная цікавая праца. Надакучыла ўжо паўгода адно і тое ж танчыць.

Выходзілі ажыўленыя і адухоўленыя будучымі пераменамі.

На ганку курыў Мікалай Міхайлавіч. Убачыўшы Таню, падклікаў, папрасіў затрымацца. Таня развіталася з дзяўчатамі, падышла да Мікалая Міхайлавіча.

– Ужо дамоў? – спытаў Мікалай Міхайлавіч.

Таня кіўнула.

– Бутэрброд хочаш? – пацікавіўся Мікалай Міхайлавіч.

– Хачу, – не адмовілася Таня. Яна страшэнна прагаладалася за цэлы дзень. Як толькі ногі не працягнула?…

Мікалай Міхайлавіч адкрыў партфель, які стаяў на падаконніку за спінай, вынуў папяровы скрутак, у які былі загорнутыя бутэрброды з каўбасой. Мяркуючы па ўсім, калі партфель з ім, Мікалай Міхайлавіч таксама вызваліўся і адмыслова чакаў Таню, чагосьці хацеў ад яе.