Мястэчка - страница 33

Шрифт
Интервал


Дашы павінна спадабацца. Яна ж нязменная ўдзельніца ўсіх школьных мерапрыемстваў, звязаных з мастацкай самадзейнасцю. А Дом культуры гэта ж не школьны ўзровень караценькіх сцэнак, тут цэлы спектакль. Можа, варта паспрабаваць? Але спачатку трэба пагаварыць з Дашкай.

У школу Таня прыйшла ў новым вобразе (прыклад сяброўкі паўплываў), праўда, не так кардынальна, як яна, змяніўшыся. За ноч шмат перадумаўшы, Таня вырашыла пагадзіцца на прапанову Мікалая Міхайлавіча і прыняць удзел у пастаноўцы. Натуральна, ёй адведзена роля Шуркі, значыць, трэба адпавядаць гераіні. Ужыцца ў яе. Таня была светлавалосай, але не настолькі, наколькі павінна быць Шурка.

Яна пафарбавалася ў плацінавую стэрэатыпную бландзінку, сабраўшы валасы ў хвосцікі, апранула школьную форму, яшчэ маміну, бабуля знайшла, з белымі манжэтамі, каўнерыкам і фартушком. Паколькі на вуліцы пахаладала – скураное станістае паліто са стаячым каўняром. На ногі нацягнула гетры. Трэба было неяк адпавядаць Дашы, зрабіцца антыподам, ці што. Як чорнае і белае, як цемра і святло. Не так запушчана, вядома, не так маштабна. Карацей, падтрымаць Дашку, каб яна не пачувалася адным ваяром у полі. Бабуля з задавальненнем выпраўляла ўнучку ў школу. Нарэшце дзяўчынка апамяталася і хораша апранулася, а галоўнае, правільна, як сапраўдная школьніца. Усе б зрабілі, як Танечка, глядзіш, і прадукцыйнасць працы павялічылася б. Больш дысцыпліны было б. Навошта адмянілі школьную форму, расперазаліся ад усёдазволенасці? Сталіна на іх няма! Калі ўжо прэзідэнт возьмецца за адукацыйныя рэформы, дзяцей і іх знешні выгляд?… Адна агіднасць, як кінеш вока на некаторых, нават пазіраць сорамна. А Танечка малайчына, разумніца ўнучка…

Яна дагнала Дашу на скрыжаванні, калі тая збіралася пераходзіць дарогу.

– Прывітанне! – усміхнулася, падыходзячы.

– Тань?! – здзівілася Даша. – Ты? Ці хто?…

– Ды я, – працягвала ўсміхацца тая, задаволеная эфектам.

– Ты чо, у першы клас сабралася? – не знайшла нічога іншага сказаць Даша.

– А я твой прататып, – выпаліла Таня.

– Прата… чо? – не зразумела Даша. – Сама зразумела, чо сказала?

– Карацей, твая светлая палова, – выкруцілася Таня.

– А цёмная тады дзе? – засмяялася раптам Даша.

– Не тупі, Белая, цёмная ты! – растлумачыла Таня. – Ты ж у нас эма. А я антыэма. Зразумела?

– Антыэма прам! – працягвала смяяцца Даша.