Часам я задаю сабе пытанні наконт Камісіі, якой Павел VI даверыў перагляд Імшы, або наконт першага складу ICEL, які даў нам карыкатуру замест перакладу8. Якімі былі іхнія духоўныя заслугі? Не акадэмічныя ступені, не псеўданавуковая хвальба, не добрыя сувязі ў курыі, а, паўтаруся, духоўныя заслугі – каб узяць на сябе настолькі далікатныя, патрабавальныя і жахліва сур’ёзныя заданні, як «рэфармаванне», а затым «пераклад» літургіі Каталіцкага Касцёла? Ці хто-небудзь падумаў пра гэтае пытанне? Ці хто-небудзь даў сабе працу яго задаць? Так, я ведаю, што цягам стагоддзяў Папы прызначалі камісіі для ацэнкі, даследавання, аднаўлення альбо пашырэння пэўных аспектаў літургіі. Я не хачу сказаць, што такіх кансультацый ніколі не павінна быць. Хутчэй я стаўлю пытанне пра мінімальную кваліфікацыю таго, хто бярэ на сябе смеласць сядзець у такой камісіі. Думаю, будзе немагчыма спрачацца са сцвярджэннем, што мінімальнай кваліфікацыяй павінна быць найбольш глыбокая павага і пашана да Традыцыі, настолькі глыбокая, што чалавек хутчэй дасць руку на адсячэнне, чым пачне псаваць тое, што было яму перададзена. Аднак, як паказваюць Notitiae, альбо афіцыйныя паведамленні, разам з такімі дакументамі, як мемуары Буньіні9, гэты дух пашаны, на дзіва, зусім адсутнічаў у Камісіі, у супольнасці тэолагаў, якім даверылі перагляд літургічных кніг рымскага абраду. Самы ганебны прыклад, які я памятаю, гэта апублікаваны ў Notitiae адказ на пытанне, чаму былі выкрэслены старыя малітвы аферторыя. Калі коратка, Камісія адказала, што малітвы аферторыя з’яўляюцца залішнімі і непатрэбнымі, паколькі яны проста (тут маецца на ўвазе, без патрэбы, нават памылкова) прадчуваюць ахвярнае дзеянне, якое адбудзецца пазней. Адным франтаватым адказам ўбок адмятаюцца стагоддзі малітвы і тэалогіі, быццам бы ніхто і ніколі не разумеў аферторыя, пакуль прасветленыя гуру Камісіі не згадзіліся растлумачыць яго.
Усё сваё жыццё Жан-Поль Сартр змагаўся супраць веры ў тое, што нешта можа быць настолькі добрым, настолькі праўдзівым, настолькі годным, што чалавеку варта ўхапіцца за яго і абараняць гэта з найвялікшай сур’ёзнасцю і самаадрачэннем. Аднак, калі і можна дакладна апісаць адносіны паміж старажытнай літургіяй і боскімі таямніцамі, то вось гэтае апісанне: літургія прымае і абараняе боскія таямніцы з найвялікшай сур’ёзнасцю, урачыстасцю і самаадданасцю.