Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла - страница 2

Шрифт
Интервал


Шчыра дзякую а. Міхалу Ермашкевічу ОР і Дзмітрыю Цаўлоўскаму, якія згадзіліся прачытаць рукапіс і зрабіць важныя заўвагі. Вялікую ўдзячнасць выказваю таксама д-ру Пітэру Кваснеўскі за дазвол на публікацыю гэтай кнігі і пастаяннае кансультаванне пры яе падрыхтоўцы.

Спадзяюся, што прадстаўленыя тут аргументы не толькі паслужаць падтрымкай тым, хто ўжо адкрыў для сябе прыгажосць традыцыйнай рымскай літургіі, але і дапамогуць усім чытачам убачыць «важныя духоўныя ўрокі, паэтычную прыгажосць, катэхетычную вартасць, суцяшальнае ўздзеянне на душу», якія нясе ў сабе традыцыйная лацінская Імша.

Прадмова

Гэтая кніга закранае фундаментальныя праблемы, звязаныя са святой літургіяй, і робіць асаблівы націск на пастаянную і непраходзячую каштоўнасць традыцыйнай лацінскай Імшы (таксама вядомай пад назвамі usus antiquior і надзвычайнай формы рымскага абраду), прысутнасць якой хутка пашыраецца, асабліва ў англамоўным свеце. Таксама я часта падымаю тэмы, звязаныя з канцэпцыяй «рэформы рэформы». Цяпер як ніколі патрэбна тэалагічнае і філасофскае разважанне над адраджэннем usus antiquior і над тым, як гэтая старэйшая форма можа ўзбагаціць больш новую форму рымскага абраду і выявіць яе слабыя месцы, якія патрабуюць выпраўлення. Такое паяднанне апалогіі і крытыкі, якое разгортваецца на гэтых старонках, з’яўляецца маім унёскам у «новы літургічны рух», да якога заахвочваў Папа Бенедыкт XVI, а таксама ў вялікае аднаўленне Касцёла, якому ён даў пачатак.

Пасля Другога Ватыканскага сабору Рымска-каталіцкі Касцёл трапіў у беспрэцэдэнтны крызіс ідэнтычнасці, які пашырыўся нават на яго дагэтуль нязломныя вучэнне і духоўнасць, на яго апостальскую і місіянерскую працу. На думку Папы Бенедыкта XVI, гэты крызіс у значнай ступені бярэ пачатак з праблем у святой літургіі, якая крок за крокам псавалася пад уплывам новай тэалогіі і эксперыментаў. У выніку мы атрымалі замяшанне, трывогу і разбурэнне. Цягам той жа паловы стагоддзя ўсё большая колькасць каталікоў стала бачыць у традыцыйнай літургіі Касцёла адзін з яго найвялікшых скарбаў: сведчанне артадаксальнай веры, скалу духоўнага жыцця, бясконцую крыніцу сапраўднай і жывой пабожнасці, жывы выраз каталіцкага духу. Гэтыя вернікі далучыліся да невялікай групы тых, хто ўжо падчас Сабору альбо адразу пасля яго ведаў, што дагрукацца да сучаснага чалавека Касцёл можа не праз перастройванне сябе і ўсіх сваіх рэсурсаў пад цьмяную і няўстойлівую сучаснасць, а дзякуючы нястомнай працы па фарміраванні чалавека пад уздзеяннем спрадвечнага вучэння і пры дапамозе правераных і асвячаных стагоддзямі сродкаў, якія ён атрымаў ад Божага Провіду.