Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго адлюстраваньнем у мастацтве - страница 13

Шрифт
Интервал



Адам і Ева (1509—1511). Фрагмент фрэскі. Рафаэль Санці (1483—1520). Станца дэла Сеньятура, Ватыкан. Марка пошты Парагваю, выдадзеная ў 1982 годзе


Зьмей, абкруціўшыся вакол «Дрэва пазнаньня дабра і зла», ператвараецца ў верхняй частцы ў падабенства чалавека, каб улатвіць выкананьне сваёй задумы. Адам і Ева як бы абмяркоўваюць прапанову зьмея… Адам і Ева яшчэ ня вырашылі, што рабіць зь яблыкам, але зьмей упэўнены, што яго задума спрацавала.

Падзея, якая зьмяніла лёсы чалавецтва, стала адной з найпапулярнейшых тэмаў для мастацтва.

Лукас Кранах Старэйшы стварыў каля 50 малюнкаў гэтага сюжэту, яны захоўваюцца ў галерэях Лёндана, Бэрліна, Прагі, Антвэрпэна. Ева ўпэўнена трымае яблык, але Адам чамусьці чухае галаву… Штосьці ня так. Зьявіўся сорам голага цела, таму ў руках Адама і Евы галінкі, якімі яны прыкрываюцца.


Адам і Ева (1528). Дыпціх (фрагмэнт). Лукас Кранах Старэйшы (1472—1553). Уфіцы, Флярэнцыя. Марка пошты Парагваю, выдадзеная ў 1973 годзе


Па праўдзе ў Бібліі не гаворыцца, што забаронены плод гэта яблык, як і не названыя імёны першых людзей. Гэта плён чалавечай фантазіі, спроба зразумець і ўявіць тыя падзеі, што апісаныя ў Бібліі. Так сталася, што ў хрысьціянстве яблык – забаронены плод з Дрэва Пазнаньня дабра і зла – стаў сымбалям спакусы, недазволенага (забароненага) плёну і дзеі.

Пошта Мікранэзіі, рыхтуючыся да Міжнароднай выставы марак «Ізраіль» 98» – Тэль – Авіў, выпусьціла шэраг маляўнічых блёкаў на тэму: «Ізраіль – Старазапаветныя гісторыі».


Адам і Ева. Блёк пошты Мікранэзіі з сэрыі «Ізраіль-Старазапаветныя гісторыі», выдадзены ў 1998 годзе


«Грэхападзеньне» Хуга ван дэр Гуса частка Венскага дыптыху «Грэхападзеньне і выратаваньне чалавека».


Грэхападзеньне (1470). Хуга ван дэр Гус (1420—40 – 1482). Музей гісторыі мастацтваў. Вена. Марка пошты Манамы, выдадзеная ў 1973 годзе


Зьмей з жаночым тварам і целам яшчаркі з нецярпеньнем чакае фіналу яго пляну. Паводле апакрыфічнага Эвангельля Сьвятога Варнавы, калі спакусьнік быў пракляты, Сьвяты Міхаіл адрэзаў яму рукі і ногі, тым самым атрымаўшы вядомую сёньня зьмяю без канечнасьцей. Бог таксама адабраў у яго сілу чалавечай гаворкі, раскалоўшы яго язык, так што пасьля гэтага ён мог толькі шыпець.

У Яна Брэйгеля намаляваны момант непасрэдна перад ужываньнем забароненага плёну. Адам і Ева пад Дрэвам пазнаньня дабра і зла. Малпа, якая кусае яблык, сымбалізуе грэх. і Вінаград у лістоце ззаду Адама і Евы сымбалізуе сьмерць Хрыста на крыжы і віно, як Яго кроў. На карціне шмат розных сымбалічных жывёл, якіх няма на марцы.