Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго адлюстраваньнем у мастацтве - страница 3

Шрифт
Интервал


Наш зямляк Францыск Скарына з Полацку арганізаваў ў Празе друкарню, пераклаў на тагачасную беларускую мову, напісаў прадмовы і за 1517 – 1519 гады надрукаваў 22 кнігі Бібліі.

Беларуская пошта зрабіла некалькі выданьняў, прысьвечаных Францыску Скарыну. У тым ліку і першая Беларуская паштовая марка, выдадзеная Урадам Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе


Францыск Скарына. Беларуская паштовая матка №1, выдадзеная ў 1918 годзе


Скарына друкаваў Біблію як з рэлігійнымі так і з асьветніцкімі мэтамі, пра што піша ў прадмове: «Дедтем малым початок всякое доброе наукы, дорослым помножение в науце, мужем моцное утверьжение». Біблію Скарына ўпрыгожыў 52 гравюрамі яго выкананьня.

«Што чытаньне дае вушам, тое маўклівае малярства ставіць перад вачамі» казаў Сьвяты Базыль у 379 годзе, а ягоны брат Сьвяты Георгій з Нысы скажа, што абразы замяняюць кніжкі, прыносячы гледачу тыя самыя карысьці. Але яшчэ доўгі час Кніга і выява не знаходзілі шляху да паяднаньня. Выявы зьявіліся пасьля Нікейскага (325 ад Р.Х.) і Халкедонскага (451 ад Р.Х.) царкоўных сабораў і расквітнелі ў Італіі эпохі Адраджэньня.

Матывы Біблейныя можна знайсьці ў творах знакамітых мастакоў і скульптараў, паэтаў і пісьменьнікаў, творах, якія сабраныя ў знакамітых музэях, галерэях і бібліятэках усяго сьвету. Біблія аказала вялікі ўплыў на мову, якой размаўляем, на творчасьць музычную. Мы жывём у сьвеце, які ў значнай ступені стаў упарадкаваны праз культуру Біблейную.

Выдадзена мноства кніг, дзе сабраныя самыя знакамітыя творы мастакоў, ілюструючых Біблію. Здавалася б, навошта займацца зьбіраньнем і апісаньнем, як паштовая марка ілюструе Біблейскія сюжэты. Дзьве прычыны. Вывучаць Біблію ня проста. Калі мы чытаем Пісаньне, калі не зьвяртаем пільнай увагі і не адкрываем сэрца і розум на тое, што Бог сапраўды кажа, мы бачым толькі тое, што хочам бачыць. Мне дапамог мэтад паралельнага вывучэньня. Чытаньне Бібліі стымулявала пошук марак для філятэлістычнай выставы, а знойдзеныя мініяцюры патрабавалі знаёмства з адпаведным тэкстам Бібліі. А яшчэ, з дапамогай паштовых марак кожны жадаючы можа напісаць «сваю кнігу» з біблейскімі сюжэтамі, якая будзе рукатворнай і непаўторнай, бо немагчыма сабраць усе паштовыя маркі на Біблейскую тэму. Штодня паяўляюцца ўсё новыя выданьні, а папярэднія становяцца ўсё больш недаступнымі. Праца па складаньню калекцыі пакліча ў пошук, пашырыць круг знаёмых і сяброў, паспрыяе пазнаваньню зьместу Кнігі, яго асэнсаваньню, прывядзе да веры або ўмацуе ў ёй. Такая праца прывяла мяне да напісаньня гэтай кнігі.