Маё мястэчка Луна-Воля - страница 10

Шрифт
Интервал


На шатах паганскіх ідалаў былі напісаны іх імёны. Праславяне мелі свой алфавіт, які быў зьнішчаны разам з ідаламі з прыходам хрысьціянства. Станіслаў Якубоўскі ў кнізе «Bogowie Slowian» піша, што біскуп Цэтмар брат цэзара Генрыха ІІ бачыў запісаныя пісьмом runiernym імёны багоў на адзежы, у якую былі апрануты ідалы.

Не магу не расказаць пра цікавы выпадак, які адбыўся са мной летась у Кіеве. Я ўпарта шукаў паштоўку з помнікам князёўны Вольгі. Перабраўшы ўсе наборы паштовак і не знайшоўшы патрэбнае, запытаўся, чаму няма такой паштоўкі. На што пачуў адказ ад адной з гандлярак: «Мы ня любім Вольгу, таму і няма». «Але ж побач з Вольгай Сьв. Кірыл і Мяфодзій». «І што з таго. У нас пісьменнасьць была да іх» – прагучала ў адказ.

Дзясяты век як магічная граніца гісторыі ўсёй славяншчыны, якая з гэтага моманту раптам становіцца густа заселена, мае свае гарады і замкі, дзяржавы, у якіх уладарылі князі, паводле ўстаноўленага права і сваёй рэлігіі. Што было прычынаю, тымі дражджамі гісторыі, што запоўнілі прастору і час бурлівым жыцьцём і данесьлі да нас памяць мінулага? Гэта было хрысьціянства элітнае і адукаванае. Праціўнікам яго было лагоднае, як характар славян, паганства, багі якога не ўвасаблялі ваяўнічасьці, а ні хітрасьці, таму былі асуджаны на гібель. На Панямоньне ў 11 ст. прыйшлі не славяне, а прыйшло хрысьціянства. «Зрэшту в школах нас увогулэ нэ ўчылі про дрыговічув, бо нас одэ нэ мело быці! Алэ мы одэ былі» -Віктар Стахвюк.

Многа гадоў Панямоньне было не ў сваёй краіне. За гэтыя гады чатыры разы памянялася назва карэннага насельніцтва: крывічы – дрыгавічы – ліцьвіны – рускія – беларусы. А чалавек павінен жыць у рэчышчы свайго Этнасу і Роду. Той, хто разрывае сувязі, бярэ адказнасьць ня толькі за сябе, але і за будучыя пакаленьні.

Такі зьмястоўны водступ, на мой погляд, патрэбны каб мець хоць які шанс зразумець, адкуль тая нітачка, якая пятае стагодзьдзе трымае тут беларускую культуру.

Спляліся ў Панямоньні

Зямля, Вада і Неба.

Дзіўлюся ў аняменьні

На непаўторны сьвет.

Праз сон тысячагодзьдзяў

Радзіма па каменьні

Плыве…

Пятро Ламан

Над Лунай

Індура, Лунна… Прыгожыя назвы вёсак непадалёку ад Гродна. Упершыню пачуў ix у раньнім юнацтве, са старонак вялікага патрапанага аднатомніка Усевалада Крастоўскага, дзе апроч любоўных вершаў («Андалузская ночь горяча, горяча…», «Ванька-ключник» i іншае), апроч рамана «Деды» былі яшчэ цікавыя i вясёлыя нататкі афіцэра гродзенскага, здаецца, драгунскага палка. Лунну потым я ўбачыў. Там i пачуў ад незнаёмага дзядзькі пра красу гэтай мясьціны над Нёманам: «Здаецца, браце, i хлеба трэба менш – так хораша!». Янка Брыль «Пішу як жыву»