Шлях з «Варагаў у грэкі» па Нёмне. Малюнак В. Сташчанюка. Кісялёў У. М. Пуцявінамі Наднямоньня. Мн.: Полымя, 1994. Стар.113
Але вернемся ў 16 ст., зь якога аб Луне засталіся канкрэтныя зьвесткі.
У артыкуле глыбокапаважанага пана Вітольда Карпызы «Восемдзесят гадоў пазьней» («Мagazyn Polski» №2—3, 1992г.) разьмешчана «Штабоўка ваколіц Росі», на якой каля мястэчка Луна знаходзіцца населены пункт Воля. Воляй няволяй пачаўся пошук зьвестак пра Луненскую Волю. На жаль ні ў кнізе «Памяць» Мастоўскага раёна ні ў Беларускіх Энцыкляпэдыях (ці не сымбалічна?) Волі няма. Толькі ў Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы «воля» мае аж восем значэньняў. Знайшлося і патрэбнае: воля – свабода, незалежнасьць. Прышлося зьвярнуцца да польскіх крыніц. У «Слоўніку геаграфічным каралеўства польскага і другіх краін славянскіх з 1880 г.» паселішчам з назвай Воля прысьвечана 46 старонак, на якіх даюцца кароткія зьвесткі аб больш чым 900 такіх мясьцінах на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. З іх толькі 22 разьмешчаны на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Праўда, кажуць, што ва ўсходняй частцы Беларусі паселішчы такога тыпу называлі «слабада», але і слабод у нас зусім не багата.
Луна і Воля на расейскай карце 1910 г.
Воля (libera villa, libertas). Пачынаючы з 13 ст. каб загаспадараваць незаселеную (пустую, пусташ) зямлю ўладальнік (князь, рыцар, духавенства) запрашаў вольных людзей, нават іншаземцаў, каб яны сяліліся і гаспадарылі на яго зямлі на льготных умовах. Пасяленцам (каляністам) даваліся надзелы зямлі з звальненьнем да 20 гадоў ад усялякіх чыншаў, аплат і падаткаў. Пры гэтым часта давалася права на самакіраваньне ці магдэбурскае права. Чым не свабодная эканамічная зона? Такім мясьцінам давалі назву Воля, часта з дадаткам ад назвы бліжэйшага мястэчка ці іншым дадаткам, напрыклад, Воля Красная, або Воля Вялікая, заложаная Сапегамі на Шчары… Росквіт Воляў прыйшоўся на 14 ст. з паступовым распаўсюджваньне на ўсход, што дыктавалася палітычным і эканамічным станам у Эўропе.