У зьбіраньні матэрыялаў пра мястэчка мне дапамагалі без перабольшваньня пару дзясяткаў людзей. Усіх пералічыць не магу нават з той прычыны, што кагосьці ня ўспомню і гэта будзе несправядліва. Але не магу не назваць Язэпа Палубятку, які заахвоціў мяне да гэтай працы і першы вычытваў, набіраў на кампутары і друкаваў у газэце «Мастоўскі весьнік» першыя артыкулы; Уладзіміра Хільмановіча, які не даваў памерці надзеі ў вынік, першы вычытаў усё сабранае і дапамог выправіць недахопы, упарадкаваць матэрыялы; Рут Маркус з Тэль-Авіва, якая сваёй патрыятычнай паставай да мястэчка Луна-Волі і велізарнай працай па зьбіраньню і захаваньню памяці аб месцы, дзе жылі яе бацькі, натхняла да працы, а таксама дазволіла выкарыстаць яе матэрыялы ў гэтай кніжцы; ксяндза Люцыяна Радомскага, які падзяліўся сваімі матэрыяламі аб гісторыі мястэчка; маю жонку Валянціну Карповіч, якая напісала свае ўспаміны і дадала ў кнігу; Паўла Мажэйку, які забясьпечыў усё, што зьвязана з першым выданьнем кнігі, бо без яго працы выданьне было б немагчымым.
З павагай,
аўтар сабраных і даданых запісаў Лявон Карповіч з Луны-Волі
Цэнтар Луна. 2020 год. Крыніца: https://yandex.by/collections/card/5e04d6373959b2e14b267eeb/
…І няма ў людзей больш простага
спосабу ўдасканальвацца, як праз
веданьне дзеяў мінулых.
Палібій
«Бацькаўшчына мая, родная маці Беларусь! Ты ё для мяне найдаражэйшым, найцаньнейшым скарбам: пры табе я жыву кожнай думкай сваёй! Бацькаўшчына Беларусь, люблю я цябе, тваё поле і пожні вялікія, што разьвярнуліся ўсім сваім хараством перад вокам чалавека. Люблю цябе, Беларусь, бо я частка цябе. Люблю цябе, бо ты мая: усюды, дзя я цябе бачу, – бачу сябе. Люблю я гутарку тваю найхарашэйшую і найразумнейшую, бо ў ёй я толькі адчуваю, што я праўдзівы сын Беларусі. Люблю цябе, мая мова родная, ты для мяне неацэнны скарб, бо ты ўліта мне ў душу маёй маткай роднай, калі яшчэ быў у калысцы. Ня буду браць прыкладу з другіх сыноў Беларусі, што, паехаўшы ў сьвет, наўмысьля стараюцца забыцца свае роднае мовы і чураюцца перад другімі нацыямі назваць сябе беларусамі… Такі чалавек не дастойны называцца сынам Беларусі, ён здраднік свае Бацькаўшчыны і ўсяго Беларускага народу.
Беларусь, маці мая, зямля маіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў, што дзеля цябе жылі, крывёй сваёй і духам сваім цябе баранілі. Беларусь, Бацькаўшчына мая, на цябе я хачу глядзець аж да сьмерці. Ты для мене ёсьць жыцьцём, навукаю, ты вучыш мяне ад калыскі да дамавіны кахаць цябе, цярпець за цябе і дзеля цябе…» – 1921 г. Язэп Шпэт.