Маё мястэчка Луна-Воля - страница 31

Шрифт
Интервал


Ядвіга-Стэфанія скончыла філялягічны факультэт, выйшла замуж за Паўла Хэлміняка (нар. у 1956г.), мае адзінага сына Міхала-Ежы, які нарадзіўся ў 1981г. Ядвіга працуе настаўніцай польскай мовы і літаратуры ў Гнезна.

Апошнія з Сапегаў

Але, калі ўспамінаць пра ўсіх уладальнікаў Луна, то трэба зноў вярнуцца да Сапегаў. А каб падзеі выглядалі больш зразумела, зірнем на Сапегаўскае радавое дрэва. Вядомы нам Аляксандр Міхал, заснавальнік радавой рэзыдэнцыі ў Дзярэчыне, меў сына Францішка, які ў сваю чаргу быў бацькам Яўстаху – паўстанцу. Яўстах Каятан Сапега з 1821 г. жыў у Англіі. Але ў лістападзе 1830 г. выбухнула Вызвольнае Паўстаньне супраць Расейскіх акупантаў. Трыццацігадовы князь пакідае маёнтак у графстве Лянкашыр, магілу жонкі Мары Патэн Больд і вяртаецца ў радавое гняздо. У раньзе падпаручніка так змагаецца з ворагам, што ўзнагароджваецца Залатым Крыжом Віртуці Мілітары (Вайсковага Гонару). Не толькі адвагай у баях, але, прадаўшы маёнтак у Ружанах, Яўстах Каятан грашыма падтрымлівае паўстаньне, так, як гэта зрабіла і Эмілія Плятэр. Пасьля паразы паўстаньня князь з сотнямі сваіх сяброў вымушаны падацца ў эміграцыю. Жыве спачатку ў Англіі, потым у Францыі ў гарадку Бяланкурт пад Парыжам. Назапашвае сродкі з надзеяй на новае паўстаньне, але 16 лістапада 1860 г. памірае. Пахаваны на Манмартры. Усе ўладаньні на Радзіме былі сканфіскаваны. Сьпіс вывезенага дабра з Дзярэчына ў Расею складаецца з 124 лістоў. Толькі мастацкіх палотнаў ды ўпрыгожаньняў было вывезена 303 пуда 25 фунтаў (каля 5 тон).

Памяць Яўстаха Каятана шануецца ў Дзярэчыне. У 1999 г. мясцовыя патрыёты ўстанавілі ў адноўленым касьцёле мэмарыяльную дошку:

«Яўстаху Каятану Сапегу (1797- 1860)

уладару Дзярэчына ўдзельніку нацыянальна – вызвольнага паўстаньня 1830- 1831 гг».


Яўстах Каятан Сапега (1797—1860). Партрэт 19 ст.


Яўстах Каятан меў сына Яна Паўла Аляксандра. У 1877 годзе афіцэр арміі Яе Вялікасьці Каралевы Вялікай Брытаніі ўзяў шлюб з Севярынай Урускай – Тызенгаўз, якая ў якасьці пасагу мела маёнтак Спушу, што ў 12 км ад Скідаля. Гэта стала адзінай маёмасьцю на акупаванай тэрыторыі Вялікага Княства некалі магутнага роду Сапегаў. Праз чатыры гады ў маладой пары нарадзіўся сын Яўстах Каятан, названы так у гонар дзеда. Атрымаўшы адукацыю ў Цюрыху (Швэйцарыя) і ажаніўшыся на Тэрэзе Ізабэле з Любамірскіх, Яўстах Каятан пасяляецца ў радавым маёнтку Спушы (цяпер – Старая Спуша Шчучынскага раёна). Правадыр Польшчы Юзаф Пілсуцкі запрашае яго на дыпляматычную службу паслом у Англію, пазьней прызначае на пасаду міністра замежных спраў Польшчы. У 1921 г. бальшавікі з немцамі падпісалі ганебную Рыскую дамову, разадраўшы Беларусь на дзьве часткі. Яўстах Каятан не можа з гэтым пагадзіцца і пакідае Ўрад Пілсудскага.