На становішча ў краіне спрабавалі актыўна ўплываць уцекачы – эмігранты. Былі арганізаваны выправы патрыётаў для арганізацыі партызанскага руху. Першай была экспэдыцыя палкоўніка Ю. Заліўскага, ініцыятара Лістападаўскага паўстаньня і дзеяча Лялевелеўскага камітэта. Ужо ў другой палове 1832 года ўзяўся за арганізацыю экспэдыцыі на Радзіму. Землі Беларусі падзяляліся на акругі, кожная на два паветы, куды прыяжджалі камандзіры і 2—3 памочнікі. Акругу Гродзенскага і Лідзкага паветаў узначаліў Марцэлі Шыманскі, Слонімскага і Наваградзкага – Міхал Валовіч з Парэчча. Створаныя М. Валовічам і іншымі партызанскія атрады выклікалі вялікую трывогу захопнікаў. Былі арганізаваныя шматлікія аблавы. У вышуках прынялі ўдзел звыш 10 тыс. салдатаў толькі ў Гродзенскай губэрні. Партызаны і кіраўнікі былі арыштаваны. Іх звозілі ў Гродна, дзе трымалі ў астрозе, разьмешчаным у былым езуіцкім кляштары. 24 ліпеня 1833 года генэрал-губэрнатарам М. Дуўгарукавым быў зацьверджаны прысуд:
М. Валовіча—да павешаньня, 6 чалавек—да біцьця розгамі і высылкі на катаргу ў Сібір, 3-х чалавек—да біцьця розгамі скрозь строй у 500 салдат і ў арыштанцкія роты.
Паўстанцы Міхал Валовіч і Лявон Працлаўскі, гравюра XIX ст.
2 жніўня Міхал Валовіч пры вялікім натоўпе мясцовых жыхароў быў павешаны ля Скідальскай заставы. Ноччу яго патаемна пахавалі, каб «не было тайных молений при теле преступника». Чарговым эмісарам на Беларусі вясной 1835 г. быў Шыман Канарскі, удзельнік Лістападаўскага паўстаньня і экспэдыцыі Ю. Заліўскага. Сваёй мэтай ён ставіў падрыхтоўку народу да разуменьня закліку: «Айчына, Вольнасьць!» і яднаньня шляхты з народам. Але ў 1838 годзе Ш. Канарскі быў арыштаваны. Перад сьледзтвам прайшло 221 чалавек. 15 (27). 02. 1839 г. Шыман Канарскі быў расстраляны. Праз суд прайшло 150 чалавек. Нягледзячы на крывавы перасьлед хваляваньні і бунты працягваліся. Толькі да 1845 года адбылося 207 бунтаў. У 1847 г. у Гродна ўведзены ваенны стан. «Вясна» 1848 г. у Эўропе спрыяла росту супраціву.
Шыман Канарскі (ананімны партрэт, перад 1839, алей на палатне)
У ліпеню 1833 г. Мікалай І быў вымушаны выдаць Указ, у якім прадпісвалася, што рабіць у выпадку мяцяжу, падобнага да 1831 г.: вінаватых дзяліць на 4 разрады і канфіскоўваць маёмасьць. Вінаватых 1 разраду судзіць ваенна-палявым судом (нават расстрэл), 2 разраду – ссылаць у Сібір, 3, 4 разраду – прысуды зацьвярджае галоўнакамандуючы. Прыняцьце такога Ўказу гаворыць аб становішчы на Беларусі. Указ ішоў паўторна ў 1848 г.