Вясною 1896 г. ужо горка пісала Эліза Ажэшка: «Мы ў гэтыя дні глыбока засмучаныя цяжкаю хваробаю многагадовага сябра нашага і многазаслужанага патрыёта спадара Яна Каменьскага. Яшчэ жыве, але на думцы лекара, не толькі дні, але гадзіны яго палічаны. Меншае нас тут меншае, а нашчадкі – на жаль – пад Волгай і Амурам».
Памёр 31 сакавіка. «…Знаходзімся пад смутным цёмным уражаньнем сьмерці Яна Каменьскага. Амаль не хочацца верыць, што яго больш не ўбачым.
Знаходзяцца ў нас дзьве яго дачкі, улюбёнае бядацтва ў жалобе, сплаканае і прыгнечанае».
А ў пісьме да свайго прыяцеля Леапольда Мэыэта пані Эліза пісала: «Уладальнік Мінявіч пан Ян Каменьскі разам з жонкай і дочкамі гэтым летам з Сыбіры вярнуўся. Знала гэтых людзей ад найраньнейшай маладосьці, з радасьцю іх сустрэла, але сапраўдную раскошу спраўляе багаты вобраз гэтага дзельнага і ўчцівага чалавека, праўдзівага мучаніка ідэі і любові, вітаючага па дваццаці некалькілетняй адсутнасьці роднае месца, адпачываючага ад кайданаў і падзямельляў катаржніка, ад лягчэйшых, але таксама цяжкіх пакутаў пасяленца, роднае паветра, родныя гукі і выгляды.
Быў гэта ў часах рэвалюцыйных адзін з найгарачшых і найуплывовых паплечнікаў справы люду на Літве, таму халопы віталі яго грамадою з узрушаючымі да глыбіні праявамі памяці і ўдзячнасьці».
«У глыбіні, над цёмнай калянадай пераплеценых гольлем елак, ахінуты іхнім ценем, узвышаўся невялікі пагорак, даўгаваты і з такімі схіламі, падобны не то на вал, не то на курган, відаць, калісьці насыпаны рукамі людзей, і як уся гэта паляна, зарослы няроўнымі гарбатымі кусьцікамі травы.
Ян моўчкі пагорак гэты Юстыне паказаў, яна таксама моўчкі кіўнула галавой; знала, што гэта сумесная магіла.
– Колькі? – ціха запытала.
– Сорак – адказаў…» – так апісвае Эліза Ажэшка месца пахаваньня 40 паўстанцаў у лесе ля Мінявіч. Тут па яе вэрсіі пахаваны і Андрэй Карчыньскі—прататыпам якога стаў Ян Каменьскі.
Крыж на магіле 40 паўстанцаў у Мінявічах
А на магіле-кургане 40 паўстанцам, тымі, хто помніць і ганарыцца, пастаўлены памятны крыж. Сюды прыяжджаюць патрыёты з Польшчы, каб ушанаваць памяць змагароў за Свабоду і Вольнасьць. Заўсёды тут ёсьць кветкі і бела-чырвоныя стужкі. Але няма бел-чырвона-белых, ні чырвона-зялёных. Яшчэ не прыйшла пара, яшчэ не прачнуліся беларускія патрыёты…