– Што вы, што вы, якая цюрма? – замахаў рукамі перапалоханы Дзмітрый. – Халера – гэта… гэта як чорт…
– О-о, «чьёрт» моя знает, – твар памежніка расплыўся ў прыхільнай усмешцы, – русский «чьёрт побирай» Европа знает… Но тут, – памежнік зноў стаў сур’ёзны, нават вельмі, і, тыцнуўшы пальцам у нямецкі сцяг, які развяваўся над мытняй, строга сказаў: – Тут вам не «хальера» і не «чьёрт побирай», тут Дойчланд!.. А фройлен своя подпись в аусвайсе не имеет…
Праехаўшы не больш за кіламетр, Ашот запатрабаваў, каб Дзмітрый спыніў машыну каля першага прыдарожнага тэлефоннага аўтамата. Ён выглядаў заклапочаным, доўга шарыў па кішэнях скуранкі, перагарнуў партмане, зрэшты, знайшоў тое, што шукаў, – занатоўнік, перагарнуў некалькі старонак і адразу ж адкінуў, запусціў руку ў дарожную сумку. Зрэшты, твар прасвятлеў, Ашот выцягнуў блакітны сшытак, нешта ў ім прачытаў, скоса зірнуў на Любу. Сустрэўшыся з дзяўчынай позіркам, ён вымучана ўсміхнуўся і нават падміргнуў.
Люба нейкім, як кажуць, сёмым пачуццём адчувала, што размова Ашота па тэлефоне будзе тычыцца яе. Зрэшты, так яно і здарылася. Калі Ашот вярнуўся ў машыну, ён адразу падышоў да Любы і бадзёра сказаў:
– Праз гадзіну будзем на месцы, паціху збірайся. Цябе чакаюць.
– Я гатова, – хвалюючыся, прашаптала Люба і не пазнала свайго голасу. Зноў перахапіла дыханне, яна закашлялася.
– Ну-ну, толькі не ўздумай самлець, – лагодна паляпаў Любу па спіне Ашот, – хворая ты ім не патрэбна… – ён трошкі памаўчаў і, адчуваючы няёмкасць, дадаў: – І чаго цябе з такім здароўем панесла ў свет?
Люба нічога не адказала, але гэтае пытанне ўзяло за жывое. Імгненна, як на экране тэлевізара, перад вачыма прамільгнула яе жыццё. Пасля смерці маці, калі п’яніца-бацька прывёў у хату мачаху, у яе пачалося напаўжабрацкае дзяцінства і гэткае ж юнацтва. На выпускны школьны баль сама перашыла, пераніцавала старую суседчыну сукенку, якая і сёння як парадная ляжыць на дне чамадана. Пасля няўдалай спробы паступіць у інстытут – праца ў трамвайным дэпо. Заробак не дазваляў раскашаваць, ледзь хапала на пражыццё, бо амаль усе грошы аддавала цётчыным знаёмым на разлік за мінскую прапіску. Яна магла спадзявацца толькі на сябе, таму адразу і ўхапілася за прапанову паехаць у Нямеччыну ў заробкі. Няхай пакаёўкай, няхай пасудамыйкай, абы толькі вырвацца з абрыдлай нястачы…