Айшэ агортваў нясцерпны страх, душу паланіла пачуццё віны. Супярэчлівыя запознена-бездапаможныя перажыванні, здавалася, на часткі раздзіралі цела, бо так і не змагла дараваць Цімуру насілля і здзеку і нават ніколі не спрабавала гэтага зрабіць. У памяці ў адначассе ўсплылі бяссонныя ночы, поўныя слёз і пракляццяў, узгадала, як неаднойчы глядзела на спячага мужа і жадала яму смерці. І смерць прыйшла… Прыйшла ў самы нязручны момант, прыйшла тады, калі Айшэ збіралася раджаць, калі ў яе акрамя Цімура і ягонай радні нікога не засталося…
– Ты ўся дрыжыш, і дзіцятка расхвалявалася, вунь як тузаецца, – заклапочана прагаварыла Лола і, прытрымліваючы Айшэ пад руку, падвяла да ўчарнелай вузкай лаўкі каля суседняй магілы. – Хоць бы схваткі заўчасна не пачаліся… Табе нельга было сюды прыходзіць.
Голас Лолы данёсся аднекуль здалёк, і Айшэ доўга не магла ўцяміць, што ад яе хоча свякроў, калі тая паспрабавала прымусіць праглынуць заспакаяльную таблетку. Шукаючы ў паднябессі арла, Айшэ ўзняла вочы, але не адразу ўбачыла маленькую кропку.
– Я не любіла, таму ён і загінуў, – сказала Айшэ.
– Мой сын як сапраўдны джыгіт загінуў, абараняючы Радзіму, – холадна, з абурэннем у голасе адказала Лола. – Роду Баджыевых не сорамна за яго, і ты абавязана паводзіць сябе як жонка героя!
Гэтае «абавязана» быццам токам працяло Айшэ. З першага дня знаёмства з Цімурам, а потым і ягонымі родзічамі яна толькі і чула, што ўсім ім нечым абавязана і ў першую чаргу, што яе прынялі ў старажытны багаты род, што яе муж – вядомы ў рэспубліцы чалавек, што за яе заплацілі непамерна вялікі калым.
– Больш нічога я вам не абавязана, – напружана варухнуліся губы Айшэ. – Цімура няма, і я не застануся ў вашым доме.
– Ну-ну, супакойся, дачушка, – упершыню назваўшы Айшэ дачкой, памякчэлым голасам прыхільна сказала Лола і, абняўшы нявестку за плечы, прытуліла да сябе. – Нам больш няма чаго дзяліць акрамя гора… Дый унучак народзіцца, трэба на ногі падымаць…
Пякучыя слёзы жалю да сябе, да свайго лёсу раптоўна накаціліся на вочы, і адразу знікла, быццам растварылася, крыляючая чорная кропка ў небе. Айшэ сілілася зноў убачыць арла, яна хусцінкай выцерла вочы, але птушкі нідзе не было.
– Цімур пайшоў назаўсёды, – выдыхнула Айшэ і, уткнуўшыся тварам Лоле ў плячо, ціха заплакала.
Свякроў не супакойвала. Цяжка, роспачна ўздыхнуўшы, яна мацней прытуліла нявестку да грудзей, моўчкі гладзіла па галаве і, быццам калышучы немаўля, ціха захісталася. Айшэ не заўважыла, як перастала плакаць і сцішылася. У гэты момант ёй вельмі карцела зноў убачыць арла, але цела здавалася нейкім чужым і бяссільным, яна не магла нават узняць галаву і расплюшчыць вейкі. Устрывожаныя пачуцці, відавочна пад уздзеяннем заспакаяльнага, паціху саступалі месца горка-шчымліваму ўспаміну, які расчульваў і больш не выклікаў брыдкага пачуцця помсты.