Калі блізка пасаджаныя шэрыя вочкі памежніка натыкаліся на фотаздымак, ён неяк нервова ўскідваў галаву і ўпіваўся імі ў пасажыра, быццам не толькі параўноўваў гаспадара пашпарта з фотаздымкам, але і сіліўся прачытаць ягоныя думкі.
Нарэшце чарга дайшла і да Любы Анікейчык. Паслініўшы палец, прапаршчык важна перагарнуў храбусткія старонкі дакумента, гэтак жа па-начальніцку строга агледзеў Любу і нарэшце з непрыхаваным сарказмам выдыхнуў:
– Усё лепшае вывозім…
– Я еду працаваць па дамове, – сумелася, незадаволена перасмыкнула плячамі Люба, – буду пакаёўкай.
– Падлогу, значыцца, мыць. А мне здалося, што ты артыстка і едзеш у Галівуд, – засмяяўся прапаршчык і, казырнуўшы, паспешліва выйшаў з машыны.
Пасля памежнікаў «рафік» сустрэлі ганарліва-прыдзірлівыя мытнікі, але пасажыры ніякага тавару акрамя асабістых рэчаў не везлі, таму мытнікі цікавасці да іх не праявілі. Нават вялікая чорная аўчарка некалькі разоў лянотна пазяхнула, калі яе праводзіў адзін з сяржантаў па вузкім праходзе паміж крэсламі.
– Праязджай, – паблажліва сказаў старэйшы і, махнуўшы рукой, каб паднялі шлагбаум, скоса зірнуў на шафёра. – Табе сёння пашэнціла.
– Мне заўсёды шэнціць, – весела засмяяўся бялёсы трыццацігадовы Дзмітрый. – Бізнес мой легальны: адвёз, прывёз – і ніякіх праблем. Галоўнае – не заснуць у дарозе.
Польскія памежнікі падаліся Любе маўклівымі і занадта засяроджанымі: ніводнага лішняга слова і руху. Самым гучным у іхняй мітусні быў стук штэмпеля, які абвясціў уезд у межы Польшчы, пасля чаго іх, як надакучлівых і нікому тут не патрэбных людзей, як мага хутчэй справадзілі з мытнай зоны.
І толькі праз паўгадзіны, калі «рафік» ад’ехаў ад мяжы з добрую дваццатку кіламетраў, і Люба, і ўсе астатнія ўздыхнулі з палёгкай. Пачуліся жарты, зашамацелі цэлафанавыя пакеты, пасярод салона на адным з пухлых чамаданаў, які чарнявы хлопец (а ён быў у іх кампаніі за галоўнага) кульнуў набок, зазіхацела пляшка гарэлкі. Каля яе імгненна ўзнік паўлітровы слоік з марынаванымі грыбочкамі, з’явіліся каўбаска, вэнджаніна, марынаваныя гурочкі. Шафёр у люстэрка пажадліва пазіраў на чамадан з пачосткай, цікаваў за манеўрамі маўклівага, падобнага да цыгана хлопца і, сустрэўшыся позіркам з кімсьці з пасажырак, шматзначна, з хцівым агеньчыкам у вачах падміргваў: маўляў, усё ідзе як трэба, можаце не хвалявацца.