«Калідоры жыцця», па якіх пакідалі Грозны дзеці, жанчыны і нямоглыя старыя, федэраламі ладзіліся ўсё радзей і радзей і толькі ў непагадзь, калі кепскае надвор’е не дазваляла самалётам пакідаць аэрадромы. Спакутаваная чаканнем Айшэ наважылася шукаць дапамогі ў суседзяў, у гэткіх жа, як і сама, заложнікаў вайны, і спрабаваць самастойна вывезці Лолу ў лагер бежанцаў, дзе па чутках была ежа і дактары. Не атрымалася. Планы парушыў чалавек, які ноччу прыйшоў ад Рэната і разам з харчамі і лякарствамі для Лолы перадаў цыдулку, у якой мужаў брат катэгарычна забараняў ёй здавацца на міласць федэралаў і іх прыслужнікаў. Рэнат загадваў чакаць яго, прасіў падрыхтаваць Лолу і быць гатовымі да доўгай і небяспечнай дарогі.
– Колькі трэба чакаць? – прачытаўшы пасланне, спыталася ва ўзброенага чалавека Айшэ.
– Гэта ведае толькі камандзір, – прастуджаным голасам паведаміў вястун і, скасіўшы вока на вялікі жывот жанчыны, паспрабаваў яе супакоіць: – Два-тры дні, самае большае – тыдзень.
– Каб не было позна, – адказала Айшэ і, паклаўшы рукі на жывот, заклапочана дадала: – Перадай Рэнату, што адна я не змагу нарадзіць…
Той ноччу, калі прыходзіў чалавек ад Рэната, да іхняга жытла прыбіўся згаладалы хлопчык, на выгляд гадоў сямі, не болей. Айшэ яго ніколі не бачыла, але было відавочна, што хлопчык хаваўся дзесьці побач, хоць раней нічым аб сабе і не нагадваў. Айшэ на спіртоўцы разагравала бляшанку мясных кансерваў, калі ён, прываблены пахам смажанага, нясмела зашкробся ў абабітыя жалезам дзверы. Напачатку здалося, што гэта пацукі, якія ў сутарэнні лічылі сябе гаспадарамі і амаль не звярталі ўвагі на прысутнасць людзей. Атрута, якую Рэнат калісьці пасыпаў па кутках сховішча, імгненна знікла, але пацукоў не паменела, як швэндаліся па пакоі хвастатыя пачвары, так і швэндаюцца, не было ад іх аніякага ратунку, паўсюль сунулі доўгія морды, паўсюль відаць адбіткі зубоў, нават на жалезным ложку згрызеная фарба. Неяк звечара Айшэ не заўважыла, што спаўзла коўдра з нагі ў Лолы, а раніцай знайшла ўсе пазногці згрызенымі. А самае дзіўнае, што свякроў нават не пачула болю, бо ніякага знаку здаровай рукой не падала, не стукнула, як звычайна, жалязякай па спінцы ложка.
Нехта шкробся звонку. Не без боязі Айшэ прачыніла дзверы і ўбачыла хваравітага, дыстрафічна-худога хлопчыка. Брудны ўчарнелы твар, рукі ў крывавых драпінах, на галаве капа ўскудлачаных агніста-рыжых валасоў, з якіх тырчала пер’е і нешта падобнае на пілавінне. На хлопчыку вісела не па росце доўгае, чырвонага колеру дзявочае зімовае паліто з адарванымі рукавамі і каўняром, з плечыкаў тырчалі пашкамутаная матэрыя і вата, іржавая, быццам абгарэлая, замест гузікаў – страляныя аўтаматныя гільзы, прыкручаныя да матэрыі медна-залацістым дротам. На нагах – старыя вайсковыя паўботы, адзін без шнурка, халява перавязана даўгаватай калмацістай шпагацінай.