Стрыжаныя, як па загадзе, спыніліся, засунулі рукі ў кішэні і зноў абыякава засоўгалі сківіцамі.
Ашот, ідучы да машыны, нешта імпэтна крычаў, некалькі разоў плюнуў пад ногі, але, залезшы ў салон, сказаў адно:
– Пяцьдзясят баксаў з чалавека…
І Люба, і ўсе астатнія адразу зашамацелі даўно падрыхтаванымі паперкамі, толькі Ірына злосна мацюкнулася:
– Скулу ім, а не пяцьдзясят…
Ашот сабраў грошы, хутка пералічыў, выцягнуў з кішэні сотню за сябе і Дзмітрыя. Потым падышоў да Ірыны і сцішана сказаў:
– Не хапае пяцьдзясят.
– Аддай грошы патлатаму, і няхай Дзімку адпусціць… Ды скажы, што пра недастачу я сама буду гаварыць.
– Рабі як хочаш, толькі ведай, з агнём гуляеш.
– Я ведаю, як за сябе пастаяць, – скідваючы з плячэй плашчоўку, адмахнулася Ірына.
Яна дастала з сумачкі люстэрка, памаду і рашуча падмалявала вусны. Потым выцягнула з валасоў заколку, матлянула галавой, і адразу цёмна-каштанавыя валасы густа рассыпаліся па плячах. За адну хвіліну на вачах агаломшаных пасажыраў Ірына ператваралася з заспанай, не па гадах істэрычнай кабеты ў спакуслівую, кідкую прыгажуню. У наступнае імгненне на падлогу паляцелі мяккія белыя красоўкі, на спінцы крэсла павіслі замытыя да белага джынсавыя штаны, а замест іх Ірына з цяжкасцю нацягнула кароткую чорную спаднічку і бліскучыя, на высокіх абцасах чаравічкі. У яе агромністых аксамітных вачах цяпер палыхалі дзікавата-шальмоўскія ўпартыя агеньчыкі.
– Ну, дзяўчаткі, пажадайце мне ні пуха ні пер’я, – цокаючы абцасамі на выхад, сказала Ірына.
– Ні пуха… – разам выдыхнулі прысутныя, а Дзмітрый, усё яшчэ трымаючыся за сківіцу, прагундосіў:
– Ірка, не ведаю, што ты задумала, але глядзі, не ўлезь к чорту ў балота.
– Ты нас ужо абараніў, цяпер дазволь мне за сябе і цябе, немаўлятку, заступіцца, – праходзячы міма, раскудлаціла вадзіцелю чупрыну дзяўчына і весела, па-блазенску рассмяялася.
Як толькі стрыжаныя ўбачылі дзяўчыну, адразу змяніліся: вонкавай абыякавасці і пагрозлівай засяроджанасці як і не было, на тварах імгненна з’явіліся гуллівыя, з’едліва-пошлыя ўсмешкі, да гэтага абыякавыя, немігатлівыя вочы ажылі, заіскрыліся прагавітым, бессаромным жаданнем.
Ашот, як і стрыжаныя, зразумеў, на што наважылася Ірына, і рашуча пераступіў ёй дарогу:
– Не рабі глупства, я за цябе заплачу…
– Адыдзі, ты мне не муж і не бацька, – як ад надакучлівай мухі, адмахнулася дзяўчына і гучна крыкнула: – Хлопчыкі, ёсць размова, толькі скажыце гэтаму лоху, каб сеў у машыну і не высоўваўся…