– Так-так, так-так, – зачасціў Лiтвакас, – усяго найлепшага, паненка. Апошняе слова ён сказаў па-літоўску.
Зачыніўшы за госцяй дзверы, Лiтвакас яшчэ доўга стаяў на адным месцы, як чалавек пагружаны ў гіпноз. Затым ён ляпнуў сябе па каленях, ды вярнуўся да стала.
Сонечны дзень у Вільні, між тым, паволі падыходзіў да канца. Вікторыя спакойнай хадой пайшла ў бок сваёй здымнай кватэры.
Увайшоўшы дадому, яна заўважыла, што яе саарандатараў – двух дзіўнаватых дзяўчынак студэнтак – яшчэ няма. У гэты момант у яе зазваніў тэлефон.
– Алё, – сказала Віка, калi паднесла трубку да вуха.
– Алё. Гэта Лiтвакас, Віка. М-м-м-м, я хацеў бы парэкамендаваць вам аднаго спецыяліста па вашым пытанні, выдатнага гісторыка з Мінска. Дакладней, можа ён і не зусім спецыяліст менавіта па вашай, так бы мовіць, справе… м-м-м-м, але гэта чалавек захоплены гісторыяй, вялікіх ведаў хлопец. Яго клічуць Уладзімір. Ён можа дапамагчы ў пошуках. Запішыце каардынаты…
Праз хвіліну дзяўчына запісала дадзеныя пратэжэ Лiтвакаса, а потым увайшла ў сацыяльную сетку і пакінула аднаму з фрэндаў наступнае паведамленне:
«Мечык, я паразмаўляла з Лiтвакасам. Нажаль, амаль нічога.: (»
Глава 3. Трыкутнік караля
Дарога ад Мінска да Гродна – дакладна не самая доўгая на свеце. Але калі яе праехаць на старэнькім «карчы», яна можа стаць доўгай і маляўнічай. Уладзімір і яго зялёны аўтамабільчык былі ўжо ў Шчучынскім раёне, дзе дарогу абступаюць з двух бакоў старыя, калматыя, іглічныя дрэвы.
Больш за месяц таму Уладзіміру ў інтэрнэце напісала дзяўчына і, распавёўшы, што яго парэкамендаваў, як добрага гісторыка, прафесар Мiхаiлас Лiтвакас, прапанавала супрацоўніцтва. Жыць меркавалася ў Гродне, наведаць якое Уладзімір заўсёды быў не супраць, тым больш, што паказаныя яму анлайн здымкі знойдзеных артэфактаў былі для яго сапраўды ашаламляльнымі.
Аказалася, што яны ўжо знаёмы завочна з гэтай дзяўчынай, бо знаходзяцца ў адной групе ў сацыяльнай сетцы. Акрамя таго, у даследаванні павінен быў удзельнічаць і іншы па чутках знаёмы Уладзіміру гісторык з Гродна.
«Гэта будзе выдатна…» – думаў Уладзімір, уціхамірвая малапакорны аўтамабільчык на павароце.
Выйшаўшы на прамую ён трохі расслабіўся і нават падумваў уключыць магнітолу, такую ж старую, як і сама машына. Гэта быў рарытэт, які працуе на касетах. Iх Уладзімір спецыяльна вышукваў, дзе толькі мог. Ён быў настроены пазітыўна і, пасвістваючы, падкінуў пальцамі вымпел хакейнага клуба з Маладзечна, якi боўтаўся на люстэрку задняга вiду…