Трыкутнiк караля - страница 23

Шрифт
Интервал


Віка пачакала яшчэ трохі і, так і не пачуўшы прывітання Мечыка ў трубцы, апусціла тэлефон на калені.

– Не падымае, – задуменна сказала дзяўчына, – Трэба будзе набраць пазней.

Яна ўстала і пачала збірацца на сустрэчу з Лiтвакасам.

У гэты час Мечык і Уладзімір скончылі абед і вярнуліся да сваёй працы.

– Захаванасць дзівосная, – сказаў Уладзімір, яшчэ раз беручы сярэбраную капсулу ў рукі.

– А гэтая скрыначка з чырвонага дрэва, – вымавіў Мечыслаў, – проста ладная штучка. Нават складана сказаць, што тут радуе больш.

– Залаты герб Панятоўскіх, – адказаў гісторык.

– Ну дык! – усклікнуў Мечык.

– Але пергамент… Ведаеш, нават калі б на ім нічога не было напісана, я б усё роўна лічыў, што ён выдатны, – вымавіў мінчанін.

Мечыслаў усміхнуўся і кіўнуў галавой. Уладзімір працягваў трымаць у руках сярэбраную капсулу.

– Ты вельмі добра яе ачысціў. Яна прама ва ўсім бляску. Цяпер выдатна відаць усё, што на ёй адлюстравана, – адзначыў Уладзімір.

– Звярні ўвагу на гэтую ручку ў выглядзе галавы вала, – параіў гарадзенец.

– Яна такая прыемная навобмацак… мне нават больш падабаецца яе мацаць, чым на яе глядзець, – злёгку ўсміхнуўшыся, спакойным голасам сказаў госць.

Мечык падышоў да стала, дзе ляжаў ягоны тэлефон і, узяўшы яго ў рукі, усклікнуў:

– Тэлефанавала Віка! Мабыць, мы не чулі, пакуль абедалі. Эх!

– Патэлефануй ёй, – параіў Уладзімір і Мечык, націснуўшы на выклік, паднёс тэлефон да вуха

Віка пачула званок тэлефона, які ляжаў у яе ў невялікай сумцы, перакінутай праз плячо. Дзяўчына парылася ў ёй і, не без высілкаў намацаўшы тэлефон, выцягнула яго. Зірнуўшы на мабільны яна з радасцю ўсміхнулася.

– Так, Мечык, – усміхаючыся сказала дзяўчына ў трубку.

– Прывітанне, – пачула яна ў адказ.

– Прывітанне.

– Я бачу, ты тэлефанавала, але мы з Уладзем не чулі. Елі, ага, – сказаў вясёлым тонам Мечык.

– Проста ёсць навіны.

– Якія?

– Сёння з раніцы мне патэлефанаваў Лiтвакас. Уяві сабе! Прафесар у Гародні…

– Вось гэта навіны, – здзіўлена сказаў Мечыслаў. – Ён табе тэлефанаваў? І што сказаў? Што ён хоча?

– Ён не патлумачыў, – адказала Віка.

– І?

– І цяпер я іду на сустрэчу з ім. Мы дамовіліся ў тры гадзіны каля помніка Ажэшкі. Я ўжо даволі блізка да месца.

– Ты зусім не ведаеш, чаго ён можа хацець? Хоць, меркаваць тое нескладана. Праўда, як думаеш?

– Дакладна не ведаю, але выказаць здагадку сапраўды лёгка.