Вясковыя гісторыі. Дваццаць год апасля - страница 16

Шрифт
Интервал


Дуся задумліва паглядзела на неба.

– Хаця ў такую спеку паміраць дрэнна. І ўзімку дрэнна. Вось па восені, калі будзе суха, можна. Ды і кветак у восені шмат. Хаця, якія мне там кветкі? Вяночак просценькі і досыць. Трэба Валерцы пра дамавіну напомніць, а тое зрабіць забудзецца. А пакупны не хачу. Маркаўну хавалі ў пакупным. Дык і вузкі, і доўгі. А я хачу, каб па мне быў. Ды яшчэ пару бутэлек гарэлкі прыкупіць трэба, а то на памін не хопіць. Куды-куды, а на памін усе прыцягнуцца…

Дуся смакавала пячэнне.

– Не дагледзела, вось і паклала Светка ламанага. Вось і жыцце ў мяне такое ж ламанае і няўдалае, як гэта пячэнне. Дзяцей выгадавала… Унукі выраслі… Нікому не патрэбна стала… Саме сабой не патрэбна… Цяжка… Ды яшчэ ў такое пекла. Дыхаць нечым… Сэрца шчэміць…

Дуся падхапіла торбачку, паднялася з лаўкі, кінула тужлівы позірк на неба і накіравалася ў хату.

А на небе дзесьці ля гарызонту расплылася танюсенькая шызая палоска. Яна павольна, быццам збіраючыся з сіламі, разлівалася па небасхілу, даруя надзею на доўгачаканы дождж. Але дажду не было.

Яшчэ два тыдні людзі, жывелы, расліны пакутвалі ад спекі.

Яшчэ два тыдні млелі, задыхаліся, прэлі.

А потым зарадзілі дажджы.

Ажно да самой восені.

Чарнiчная лiхаманка

У тое лета казалі – дзе чарнічнік, там і чарніцы. Па вясне мяркавалі, што селета ягад не будзе, ды памыліліся. Чарніц было столькі, што аж цямнела ў вачах.

Знойдзеш лапіну, сагнешся, пачнеш шоргаць буйныя, зпешчаныя лiпеньскiм сонейкам ягады, кiнеш позiрк у бок, а ў дзвюх шагах побач ягады яшчэ буйнейшыя, яшчэ прыгажэйшыя. Кiдаешся туды. Шорг, шорг… А вунь на пагорку зусім лісця з-за ягад не бачна. Ты туды. А там у яміне пад ялiнай іх яшчэ больш…

Так і скокаеш па лесе, шукаючы, дзе ягады паболей, ды папрыгажэй.

Гадзіны з дзве пабегаеш, потым плюнеш, сядзеш на адным месцы і нетаропка набярэш свой посуд, лаячы сябе за тое, што дарма страціў час, бегаючы па балоце.

Сонца яшчэ не перакулiцца за поўдзень, а ты ўжо цягнешся дадому з поўнымі ведрамі. Хаця, якое там дадому! У тое лета зрэдку хто даносіў лясны скарб да хаты. Па большай частцы накiроўвалiся адразу да Вуcцiнавiча. Той абсталяваў стары сарайчык пад прыемны пункт, дзе i прымаў ягады – чарнiцы, бруснiцы, журавiны. І сыпалісь ў пластыкавыя скрынкі ягады, перамешаныя з лiсцем i сасновымi хваiнкамi, абагрэтыя сонейкам i чалавечымi рукамi. І нiхто не шкадаваў сваiх намаганняў. Было чаго! Яшчэ назбiраем. Ды i навошта сабе столькi? Яшчэ з мінулага лета ў падвалах стаяць некранутыя слоікі з варэннем, кампотамі. Чарнiцы ж не вiшнi, не клубнiцы. Ахвотчыкаў на iх мала.