Нінка яшчэ раз прыслухалася. Тузік заціх.
– Заснуў пэўна, – падумала Нінка і пазіхнула.
Пятро перавярнуўся на другі бок і перастаў храпець.
– Слава богу! – Нінка падбіла падушку. – Заўтра нікуды яго не пушчу. Ні на якую рыбу, ні ў якія грыбы. Хай гараж будуе. Хутка дажды пачнуцца, што з машынай станецца? Такія ж грошы плочаны!
Нінка яшчэ раз салодка пазіхнула і не заўважыла, як заснула.
Прачнулася яна ад лязгату ў карыдоры і мацюкання Пятра.
– Тваю макаўку! – абураўся мужык. – Не, ты толькі паглядзі! Паразіты! Рукі, ногі ім паабрываць!
– Што здарылася? – Нінка перапалохана ўскачыла з ложку. – Ніяк машыну ўкралі?
– Ды не! – Пятро кінуўся камусьці названіваць. – З машынай усе ў парадку. Тузіка сперлі!
– Як гэта сперлі? – не зразумела Нінка.
– А вось так! – Пятро нярвова круціў тэлефонны дыск. – Далі яму напэўна нейкай трасцы, каб ен заснуў і сперлі. Паразіты!
– Мо сам адарваўся?
– Адарваўся! З такога ланцугу не адарвешся. Ды і ашэйнік ля будкi валяецца. Сам жа ен не мог яго зняць.
– Не мог, – пагадзілася Нінка.
– Каб ім павылазіла ўсім! – не сціхаў Пятро. – Такія грошы – кату пад хвост.
– Якія грошы? – здзівілася Нінка.
– А ты думаеш сваяк мне дарма такога сабаку аддаў? Зараз табе! Ведаеш, колькі такія шчанюкі ў горадзе каштуюць?
Нінка нічога на гэта не адказала. Галоўнае, што машына была ў сахраннасц,. а Тузік яе нісколечкі не турбаваў.
– А каму гэта ты названіваеш? – пацікавілася Нінка, прыймаючыся гатаваць снеданак.
– Новаму ўчастковаму. Як яго там? Камарову.
– Найшоў каму званіць! – усміхнулася Нінка. – Ды і што ты яму скажаш? Што ў цябе сабаку сперлі? На смех толькі сябе падымеш. Людзі прападаюць і нікому справы няма. А тут сабака!
Пятро паразважаў хвілінку і паклаў трубку на месца. Потым устаў, пашоргаў у шафе і накіраваўся на вуліцу.
– Куды ты? А есці?
– Потым! – адмахнуўся Пятро і выйшаў з хаты.
З«явіўся пад вечар. Хмуры і злы.
– Ну і дзе ты шастаў? – накінулася Нінка на мужыка. – Я ўжо і не ведала што думаць. Падаўся кудысьці, ні слова не сказаў.
– Па справах хадзіў, – незадаволена прабурчэў Пятро.
– Па якіх яшчэ справах? – не зразумела Нінка.
– Там, на двары… – Пятро махнуў рукой. – Сама ўбачыш.
Нінка выскачыла на двор. Хвілін праз пяць яна ўскачыла ў хату і залямантавала:
– Табе што рабіць больш няма чаго? Табе грошы дзяваць некуды? Навошта ты гэтага шчанюка прыпер? Табе аднаго мала было? Хочаш, каб і гэтага сперлі?