Бучэла доўга спрачаўся са сваім калегам, але ўрэшце яму давялося замаўчаць.
Баторый і Гейдэнштэйн, яго гісторык. Кіпрыян Дзільчынскі, 1886 год. Нацыянальны музей у Кракаве.
На наступны дзень кароль з дазволу Сімоніуса з'еў за абедам персікавую цукерку, выпіў віна і ўвесь астатак дня весяліўся.
Падчас вячэры, бачачы, што Бучэла вельмі крывіцца, калі прынеслі віно, ён выпіў толькі адзін кубак і два вады з карыцай.
Пасля вячэры, перавязаўшы рану, Сімоніус сказаў:
– Май добрую надзею, Твая Каралеўская Вялікасць, небяспекі ніякай няма.
– Я добра ведаю, што няма, – сказаў кароль нецярпліва, але тут жа выкінуў ногі з ложка, закаціў вочы і пачаў скрыгатаць зубамі. Напалоханыя людзi сталі рукі заломваць і крычалі, каб кароль супакоіўся.
– Што вы робіце? – усклікнуў кароль.
– Табе дрэнна, Твая Каралеўская Вялікасць, – сказаў Весяліні. – Праўда, – адказаў кароль, – я адчуваю гарачку і жудасны галаўны боль.
Гэтыя словы перарываліся з-за цяжкага дыхання. За імі рушылі ўслед неспакой і млоснасць. Толькі тады было заўважана, што гэты параксізм здарыўся ў той час, што і апошні.
Стэфан Баторый. Па некаторых звестках, партрэт створаны ў Гродне, у год смерці караля. Нацыянальны музей у Кракаве.
Затым Сімоніус пагадзіўся, каб Бучэла даў каралю пілюлі, а як іх кароль не любіў, іх растварылі ў вадзе ландыша з пяццю грамамі экстракта марозніка. Гэта выклікала лёгкі панос у караля, чатыры разы.
За абедам зноў разгарэлася сварка з-за віна, але перамагло меркаванне Сімоніуса аб набліжэнні параксізма і аб тым, што вада можа нашкодзіць. Тады Бучэла настаяў, каб хаця б віно было змяшана з вадой.
– Спачатку я хачу выпiць вiно, – адказаў кароль, – а потым саму ваду.
Але пасля таго як ён выпіў два кубкі самага старога віна кароль сказаў, што гэтага дастаткова і вада не патрэбна. На абед былі яйкі, булён з каплуна і печаныя яблыкi з цукрам.
Праз гадзіну ён шмат размаўляў з каронным канцлерам, дыхаў павольна, і амаль не было відаць, што ён хворы. Пры гэтым Бучэла, бачачы, што кароль мае намер не адмаўляцца ад віна і лічачы яго самым небяспечным пры гэтай хваробе, папрасіў кароннага кухмістра папярэдзіць канцлера аб стане караля, бо гэтая хвароба была вельмі цяжкай і яшчэ цяжэй ад таго, што ў лячэнні не згаджаліся абодва лекары. Так што няхай сенатары вырашаюць, што ім у гэтым выпадку рабіць. Гэта ж самае ён сказаў падканцлеру Літвы, папрасіўшы яго паведаміць пра гэта віленскаму кашталяну, але, аднак, самым таемным чынам, з-за каралеўскай забароны.