«Год 1579. Мялецкага з Варшавы адправіўшы дадому, каб ён падрыхтаваўся, кароль сам выехаў у Гродна, не без турботы аб тым, што грошы ад падаткаў павольна паступалі ў казну, і нават калі б яны былі цалкам сабраны, здавалася, што гэтага недастаткова для такой вялікай вайны. Аднак кароль змагаўся як мог з гэтым недахопам, то беручы ў доўг, то аплачваючы грамадскія патрэбы з уласнай прыватнай казны. Па ўсёй Польшчы ён загадаў вербаваць салдат. Да Кшыштафа, свайго брата, трансільванскага князя, ён адправіў пасланца, абавязваючы яго паслаць яму пэўную колькасць вугорскай пяхоты, прыдатнай для вайны, і некалькі рот кавалерыі.
Кшыштафу Разражэўскаму і Эрнэсту Вейхеру ён загадаў вербаваць салдат у Германіі.
Літоўскія паны, калі кароль расказваў ім пра свае цяжкасці, прапанавалі дапамогу, і кожны з іх, у адпаведнасці са сваімі магчымасцямі, даў ваенны атрад.
Гэта ўмацоўвала надзею караля на добры зыход.
Прыбыўшы ў Вільню, кароль загадаў адліць гарматы такія, якія ён, зыходзячы са свайго досведу, лічыў найлепшымі.
У Коўне кароль загадаў пабудаваць мост, які вельмі спатрэбіўся ва ўсёй гэтай кампанii. А таму што войска не сабралася ўсё разам, а зіма ў гэтых краях, у тым годзе, была доўгая, і аж да канца чэрвеня расцягнулася, пазбавіўшы коней магчымасці пасвіцца, кароль патраціў час на разгляд нявырашаных літоўскіх спраў. Пасля ён адаслаў Васіля Лапацінскага з лістамі да цара».
З вышэйпададзенага бачна, што кароль планамерна рыхтаваўся да вайны з Маскоўскім царствам, выкарыстоўваючы свой немалы ваенны вопыт.
З фінансамі кампаніі сітуацыя была не занадта добрая, але ўсё ж справа рухалася і Баторый мог спадзявацца на ўдалы зыход.
І такі зыход не прымусіў сябе доўга чакаць. Ужо ў жніўні гэтага года Баторый адбіў у Івана Грознага Полацак.
Аблога Полацка войскамі Баторыя (1579). Георг Мак. Warhaffte Contrafactur vnd gewisse… Нюрнбэрг, 1579.
Вярнуўшыся з першага этапа вайны, Баторый, у кастрычніку, зноўку быў у Гродне.
Кароль сабраў у горадзе літоўскіх паноў і абмяркоўваў з імі ваенныя справы.
Быў там і даўні супернік, а зараз сябар, Каспар Бекеш. Гэты шляхетны вугорац, які жорстка змагаўся з будучым манархам Рэчы Паспалітай за трон Трансільваніі, атрымаў прабачэнне Баторыя і цяпер дапамагаў яму ў ваенных дзеяннях супраць ворагаў падуладнай сябру-валадару вялізарнай краіны. У савецкія часы Бекешу часцяком прыпісвалi незвычайныя для XVI cтагоддзя атэістычныя погляды, хоць навукоўцы XXI стагоддзя лічаць, што ў гэтай сферы паплечнік караля не быў такi радыкальны. Так ці інакш, Бекеш памёр у Гродне, у лістападзе 1579 года. Страта сябра павінна была зрабіць на Баторыя цяжкае ўражанне.