Фiлiн папляваў на далонi i, уваткнуўшы рыдлёўку ў зямлю, заклапочана спытаў:
– Выходзiць, ты не сустракаўся з Гнiлым?
– Учора ўпершыню iшоў на сустрэчу, – адказаў Бусел, – да гэтага звязвалiся толькi па тэлефоне, а калi дакладней, ён некалькi разоў тэлефанаваў мне на кватэру.
– Цяпер зразумела паспешлiвасць заказчыка, вы не павiнны былi сустрэцца…
– Хутчэй за ўсё, – пагадзiўся Бусел. – Гнiлы, мяркую, хацеў перадаць нешта вельмi важнае.
– Ужо не перадасць i не скажа, – прабурчэў Фiлiн i, адкiдваючы спарахнелае бервяно, цяжка выдыхнуў: – Я так зразумеў, што ты сам будзеш шукаць адказы?
Бусел прамаўчаў. Ён засяроджана лупiў рыдлёўкай, сiлячыся перасячы таўставаты корань.
Капалi доўга, зямля, перавiтая вялiкiмi i малымi пакручастымi карэннямi, не хацела паддавацца. Праз паўгадзiны Фiлiн не вытрымаў, зласлiва кiнуў рыдлёўку на зямлю, выцер рукавом кашулi спатнелы лоб:
– Адпачнi, пайду пашукаю ў хаце сякеру, а то да вечара правалэндаемся.
– Мне i сапраўды няма куды спяшацца, – сеў на свежы пясок Бусел. – Пакуль барада ды вусы вырастуць, яма будзе што трэба.
– Лепш думай, як вылузнуць з лункi, куды цябе загналi, бы бiльярдны шар, а не строй жарцiкi, – з непрыхаваным асуджэннем прагаварыў Фiлiн i праз хвiлiну знiк у ельнiку.
Бусел лёг на халаднаваты пясок, паклаў рукi за галаву i ўпершыню за ўсё жыццё падзякаваў лёсу, што ён дзетдомаўскi, не мае раднi. Заплюшчыўшы вочы, ён слухаў лес i ў нейкi момант з радасцю адчуў, што засынае. Лясное шматгалоссе закалыхвала, i перасiльваць сябе не хацелася. Сасновы водар навяваў спакой i цiхамiрнасць, сонца, якое, нiбыта гуляючы ў вершалiнах стогадовых дрэў, танюсенькiмi зайчыкамi прарывалася праз галiнкi, мiтуслiва асвятляла твар, сляпiла вочы i зноўку гублялася, рассейвалася ў шатах. Бусел заснуў спакойным, як кажуць, дзiцячым сном i нават не прачнуўся, калi вярнуўся Фiлiн. Той не стаў будзiць капiтана, а таксама лёг на пясок i невiдушчым позiркам утаропiўся ў неба. Фiлiн раптам злавiў сябе на думцы, што было б лепш, каб Бусел не выратаваў яго, няхай бы ляснуўся аб зямлю, i на тым усё скончылася…
Праз гадзiну Бусел прачнуўся, i яны моўчкi дакапалi яму. Фiлiн накiдаў у яе ламачча, i гэтак жа моўчкi пачалi закiдваць пяском.
– А як жа аркестранты? – выскаляючыся, смяяўся Бусел. – I слова трэба сказаць. Так што, Васiль, гавары, а я паслухаю, нячаста такое здараецца.