– I вось я тут, – скончыў Бусел расказ, i нешта падобнае на ўсмешку мiльганула на ягоным засяроджаным твары. – Прабач, што выбраў цябе, але ты сышчык i разумееш, што без дапамогi i надзейнага прыкрыцця я не змагу нiчога зрабiць.
– Ты, Андрэй, зрабiў разумна, што прыехаў да мяне, – напiхваючы пахучым тытунём курыцельную трубку, зазначыў Петэрс. – Па-першае, я забяспечу табе ў Беларусi надзейнае, а галоўнае, афiцыйнае прыкрыццё, а па-другое, у мяне водпуск i тры тыднi буду ў поўным тваiм распараджэннi, сумяшчу прыемнае з карысным. Веранiка з сынам ужо дзесяць дзён у цешчы, у мястэчку Ракаў, што пад Мiнскам, i я туды навастрыў лыжы. Дык нам па дарозе, давязу з шыкам.
Петэрс Зондакс i Андрэй Бусел калiсьцi разам вучылiся ў акадэмii мiлiцыi ў Мiнску. Цяпер Зондакс быў камiсарам палiцыi, узначальваў адзiн са шматлiкiх рыжскiх камiсарыятаў. Менавiта гэтая акалiчнасць у першую чаргу i падштурхнула Бусла прыехаць сюды – Зондакс больш, чым хто, можа дапамагчы.
Нечаканы парыў золкага, халаднаватага ветру моцна штурхануў незачыненую фортку так, што забразгатала шкло, i самаўладна ўварваўся ў пакой, падхапiў блакiтную цюлевую занавеску, што прыкрывала акно, i iмгненна ператварыў яе ў ветразь, сыпануў на твары сяброў калючай вiльгаццю. Петэрс таропка зачынiў фортку, занавеска павольна, быццам незадаволеная тым, што ў яе забралi крылы, вярнулася на сваё месца, i толькi люстра, якую зачапiў Петэрс, яшчэ нейкi час дзынкала растрывожанымi крыштальнымi ледзяшамi.
Сябры заседзелiся дапазна. Спярша абмяркоўвалi падзеi, што адбылiся з Буслам, разважалi, што рабiць далей, потым гаварылi пра жыццё, узгадвалi гады вучобы, сяброў i знаёмых. Леглi спаць далёка за поўнач.
Ранiцай Бусла, якi спаў на канапе ў зале, пабудзiў тэлефонны званок. Бусел, прачнуўшыся, чакаў, калi да тэлефона падыдзе Петэрс. Парывiста-патрабавальны званок раптам сцiх, але праз некалькi хвiлiн зноў ажно зайшоўся нудлiвым пералiвам. Так i не дачакаўшыся гаспадара, Бусел басанож пратэпаў у калiдор, зняў слухаўку.
– Ну ты i любiш надавiць на масу! – адразу пазнаў госць голас Зондакса.
– Не чуў, як ты пайшоў, – здзiвiўся капiтан. – Чаму не пабудзiў?
– Ты так салодка спаў пасля «ляснога санаторыя», – засмяяўся Петэрс i жвава, па-начальнiцку дадаў: – Хвiлiн праз дваццаць выходзь на вулiцу, зоймемся тваiмi, а дакладней, цяпер нашымi справамi… У халадзiльнiку знойдзеш бутэрброды, чай на плiце.