За гэты час Шаўцоў зрабiў неблагую кар’еру i цяпер быў дырэктарам вялiкага ўнiверсама. Калi дачцэ споўнiўся год, Ядзя настаяла, каб муж узяў яе да сябе на работу i прызначыў загадчыцай аддзела садавiны i гароднiны. Але спадзяванне на тое, што праца дасць душэўны спакой, не спраўдзiлася. Незадаволенасць не знiкла, наадварот, сум i адчай часцей i часцей агортвалi душу. Цяпер Ядзю непакоiла i тое, што мiма яе праплывалi вялiкiя грошы, трэба толькi крышачку смеласцi. Хто, напрыклад, заўважыць, калi яна ў накладных прыпiша нулiк цi два?.. А калi адзiнку справiць на чатыры цi, наадварот, з чацвёркi зробiць адзiнку? А за гэтымi маленькiмi адзiнкамi i нулiкамi – сапраўднае жыццё, якiм яна ўжо некалi жыла… Толькi Ядзя, а дакладней, цяпер Ядвiга Станiславаўна, ведала iншае: без надзейных памочнiкаў яна не зможа зрабiць тое, што задумала.
…Юля Лапцёнак прыглянулася адразу. Танклявая, даўганогая весялуха з зеленаватымi вачыма, рухавая i вострая на слова, яна была больш падобна на задзiрыстага хлопца-падлетка, чым на прадаўшчыцу. Ядзя выпадкова заўважыла, што Юля абувае ў лапцi пакупнiкоў, дурыць i вокам не мiргне. Яно i не дзiва, гэтым займалiся многiя прадаўшчыцы, толькi дзяўчына, у адрозненне ад iншых, рабiла ўсё з такой вiртуознай лёгкасцю i спрытам, што Ядзя нават пазайздросцiла. Смех, жарты, анекдоцiкi так i сыпалiся з яе нястомнага языка. А казырным было тое, што яна, быццам незнарок, расшпiльвала два нiжнiя i два верхнiя гузiкi ў надзiва чыстым халацiку. Каля Юлi роем таўклiся мужчыны розных узростаў, нешта куплялi, мянялi, пыталiся, некаторыя па два, а то i тры разы адстойвалi ў чарзе. А Юля, патупiўшы вочы, быццам не заўважаючы, што занадта аголеныя патаемныя часткi цела, бессаромна аблiчвала аслепленых мужчын.
Ядзя пэўны час прыглядалася, вагалася, выбiрала зручны момант, каб пагаварыць з дзяўчынай, але першы крок зрабiла сама Юля. Неяк, калi Ядзя засталася ў кабiнеце адна, прадаўшчыца нячутна прачынiла дзверы, хутка агледзела пакой i, упэўнiўшыся, што, акрамя начальнiцы, нiкога няма, хуценька прашмыгнула i накiнула на дзверы засоўку.
– Ядвiга Станiславаўна, – Юля па-дзiцячы нявiнна схiлiла галаву на правае плячо i паклала на стол канверт, – гэта Вам…
– Што тут? – здзiўлена спыталася Ядзя, хоць адразу здагадалася, што можа быць у канверце.