– Было такое, – не разумеючы, куды хiлiць Астроўскi, сказаў Крывiцкi. – Днi чатыры таму гуртам наляцелi на мужчыну, быццам знарок. Бiць – не бiлi, а тавар ягоны: мяса, сала, каўбасы – усё iмгненна апынулася пад нагамi. Стаўклi ў гразь i нават палiлi нечым смярдзючым, ацэтонам, цi што.
– Чаму яны так зрабiлi?
– Думаю, чалавек адмовiўся плацiць цi мала даў. А яшчэ раней бачыў не кiрмашных рэкецiраў. Яны ў аўтааматараў забiралi запчасткi, каму што трэба, а нашыя толькi насмiхалiся, брывом не павялi, што хтосьцi iншы гаспадарыць на iхняй тэрыторыi. Канечне ж, дамоўленасць памiж iмi была. I яшчэ, – Крывiцкi нейкiм вiнаватым позiркам паглядзеў на Астроўскага, – у мяне склалася ўражанне, што i з мясцовай мiлiцыяй у iх сяброўскiя адносiны, i з падатковымi iнспектарамi. А пра кiрмашнае начальства нават гаварыць не прыходзiцца, рэкецiры перад iмi – сама дабрачыннасць. Бачыў некалькi разоў, як яны размаўляюць з дырэктарам, быццам салдаты з генералам.
– Няма сумненняў, – задуменна зазначыў Астроўскi, – мы сутыкнулiся з добра арганiзаванай злачыннай групай, а калi так, то нехта ж ёй кiруе. Людзi ў скуранках, што збiраюць грошы як данiну, – выканаўцы.
– Неяк бачыў з iмi чалавека, больш падобнага на артыста, чым на рэкецiра.
– Ну-ну, цiкава, а больш дакладна, чым ён запомнiўся?
– Па-першае, слухалiся яго хлопцы ў скуранках, па-другое, апрануты быў, як кажуць, з iголачкi. Гарнiтур цёмна-сiняга колеру, белая кашуля, замест гальштука – матылёк, на вачах прыцемненыя акуляры ў залатой аправе.
– Цяпер не лета, каб хадзiць у касцюмчыку, – засумняваўся Астроўскi.
– Зусiм вылецела з галавы, – усмiхнуўся Крывiцкi, – галоўнае, чым прыцягнуў увагу «артыст» – гэта белы «мерседэс». Ён нахабна зарулiў прама на кiрмаш, у мяне дзесьцi i нумарок пазначаны на ўсялякi выпадак.
– Малайчына! – прасвятлеў маёраў твар. – Твой «артыст» на белым «мерседэсе» нам спатрэбiцца.
Астроўскаму з кожнай хвiлiнай усё больш i больш падабаўся лейтэнант. Крывiцкi валодаў iнтуiцыяй, пачуццём, якое прымушае быць у патрэбны час у патрэбным месцы i запомнiць падзеi, якiя, з першага погляду, быццам бы нязначныя i не маюць анiякага дачынення да крымiнальнай справы. За гады службы маёр навучыўся адрознiваць сапраўдных сышчыкаў ад людзей часовых, якiм аператыўная работа патрэбна толькi як чарговая прыступка ў кар’ерыстычнай лесвiцы. Тут сакрэту анiякага не было: работнiк, якi не быў на аператыўнай рабоце, з цяжкасцю рабiў кар’еру. Праўда, гэтае, як лiчыў Астроўскi, правiльнае патрабаванне тычылася не ўсiх, на таго-сяго яно не распаўсюджвалася.