– У мяне прадчуванне, што злачынцы «добраахвотнiка» не маглi вылiчыць, пакуль ён не выйшаў на сувязь са мной, – заклапочана прагаварыў Бусел.
– Тады твае меркаваннi правiльныя: цябе здаў хтосьцi са сваiх. А ў такiм выпадку «жучкоў» мы не знойдзем, навошта пакiдаць лiшнiя доказы?
– Трэба агледзець тэлефонны блок-размеркавальнiк, – настойлiва вёў сваё Бусел; ён прынёс з кухнi табурэтку i шэптам павучаў Зондакса: – Ты спусцiшся нiжэй па лесвiцы i, калi што якое, дасi знак.
– Кашляну два разы, – па-змоўнiцку, таксама шэптам пагадзiўся Петэрс.
Першы выйшаў з кватэры Зондакс, адразу агледзеўся, прыслухаўся. Было цiха, толькi паверхам нiжэй з нейкай кватэры даносiлася музыка, чулiся галасы, смех. Бусел прыставiў табурэтку да сцяны, стаў на яе, адчынiў металiчную скрынку, адкуль цягнулiся правады да кватэр. Ён даўгавата нешта ў ёй разглядаў, торкаў адвёрткай i, як знаўца, хмыкаў.
– Ну што? – не вытрымаў Зондакс.
– Падымi мяне крышачку вышэй, – папрасiў Бусел. – Не дацягваюся, дый святла не хапае.
Петэрс спешна падняўся на лесвiчную пляцоўку, абхапiў сябра за ногi, прыўзняў.
– Цяпер нясi да дзвярэй, што супраць маёй кватэры, – загадаў Бусел i яшчэ праз хвiлiну паляпаў Зондакса па плячы, павесялела выдыхнуў: – Майна, поўны парадак.
Яны зноў схавалiся ў кватэры, паспешлiва апранулiся. Бусел, задаволена пасмiхаючыся, пацёр далонi.
– Я быў правы, тэлефон праслухоўвалi, толькi не з дапамогай «жучкоў». Але пра ўсё раскажу ў машыне, хопiць тут церцiся, трэба падумаць, як лепей звязацца з Астроўскiм, трэба рабiць паўторны агляд кватэры.
Ядвiгу Станiславаўну Купрэйчык негаваркiя, панурыя людзi Калеснiка прывезлi да рэстарана роўна ў прызначаны час, а дваццатай гадзiне. Не зважаючы на калючы вецер i дробны, халодны дождж, якiя штохвiлiнна пагражалi на свой лад прычасаць Ядзю, яна пайшла да ўвахода з непакрытай галавой. Насустрач з парасонам у руцэ ўжо спяшаўся Калеснiк. Ён быў апрануты ў бялюткi гарнiтур, чорную з блёсткамi кашулю, белы модны гальштук, на нагах блiшчэлi лакiраваныя туфлi. Калi Ядзя ўбачыла высокага, прыгожага Калеснiка, якому нават заўчасная сiвiзна пасавала да твару, яе сэрца нечакана здрыганулася. «А ў нас усё магло быць па-людску…» – цяжка ўздыхнула яна i, страсянуўшы галавой, праганяючы мроi, зацокала абцасамi, прыцягваючы пажадлiвыя позiркi мужчын, што таўклiся ля ўвахода.