Хаціна - страница 12

Шрифт
Интервал


У цёплым памяшканні было мала мэблі: адна лаўка, ды доўгі стол. Алесь аглядаўся, а думкі ў галаве блыталіся і не пакідалі яго ў спакоі. Думкі, быццам хаос незвязаных слоў, што шукаюць сваё месца, пакуль ён прыбываў у новым свеце. Перад ім, на лаве, за белым накрытым сталом сядзеў малады рудавалосы юнак, у чыстай белай кашулі, у шырокіх шэрых нагавіцах і ў лапцях. З выгляду, гадоў яму было дзесьці пятнаццаць. На яго далікатнай шыі свабодна вісеў чырвона-зялёны бранзалет, які быў не таўсцей паказальнага пальца хлапчука. Юнец трымаў у руцэ драўляную лыжку і, не заўважаючы Алеся, звонка хлюпаў боршч. За спіной хлапчука было квадратнае акно, якое ўпускала ў памяшканне мяккае святло. Па краях вісеў бел-чырвоны цюль. Алесю было відаць як за акном у двары стаяў чорны конь, а каля яе маячыў нейкі стары. Алесь, з хвіліну, моўчкі стаяў у пакоі. Галава па-ранейшаму налівалася цяжарам, усё павольна плыло каля яго.

У пабудове пахла свежай драўнінай, лётала пара маленькіх чорных мух. Было цёпла, утульна і чыста.

Калі ж у пакой увайшла нізкарослая тоўстая бабулька, сапучы сваім тонкім носам, Алесь тут жа заварушыўся, апусціў правую руку. Затым ён зрабіў крок назад, прыціснуўся спіной да сцяны і паглядзеў на яе маршчыністы твар. Пажылая жанчына была прыгожа апранутая: бел-чырвоныя ўзоры ўпрыгожвалі шэрае ўбранне, на галаве была чырвоная хустка. Яе кароткую старую шыю атачаў такі ж чырвона-зялёны лёгкі бранзалет, што быў на юнаку. Бабулька трымала ў руках свежы, толькі што выпечаны хлеб, падносіла яго да стала. У тую ж секунду, яна, краем вока, заўважыла чалавечы цень і імгненна павярнулася.

– Ой! Ох! – ад спалоху, гучна застагнала старая.

Яна моцна сціснула пальцамі мяккі жытні хлеб, прыціснула яго да сябе.

– Ты хто такі? – з здзіўленым позіркам, хрыплым голасам запыталася пажылая жанчына. – Ян? Хто гэта? – звярнулася яна да ўнука, які сядзеў за сталом.

Юнак, з-за гучных стогнаў бабулі, перастаў есці боршч, устаў з-за стала і паківаў галавой з боку ў бок. Даваў зразумець, што не ведае гэтага хлопца. Алесь выдыхнуў заціснутае напружанне з грудзей і паспрабаваў разабрацца.

– Даруйце. Я не разумею, як я тут апынуўся. Але прашу вас, без панікі. Давайце разам разбярэмся. – ветліва, усміхаючыся, быццам не верачы ўсяму, сказаў Алесь. – Дзе я? Што гэта за месца? Я што, без прытомнасці? Я ў коме або проста сплю?