Хаціна - страница 2

Шрифт
Интервал


Сённяшні летні дзень абяцаў быць гарачым. За вокнамі перасталі шумець высокія маладыя елкі. Гучна шчабяталі птушкі. Сонечныя прамяні ўжо прабіліся скрозь ствалы дрэў і краналіся даху. А восьмай гадзіне Віктар, з апухлымі ад недасыпання вачыма, перш за ўсё перачытваў свае ўчорашнія запісы, правяраў, ці ўсё правільна было запісана мінулай цяжкай ноччу. Для яго гэта раніца пачыналася як звычайна. Віктар меркаваў, што дзень пройдзе ў штатным рэжыме. Вось-вось, ён ужо блізкі да сваёй мэты. Засталося толькі пару дзён старанна папрацаваць, і ён дасягне таго, да чаго імкнуўся.

У дзённы час мясцовы шэрыф Бацюк, нізкарослы пухлы мужчына, павольна ехаў на службовым аўтамабілі па разбітай цвёрдай дарозе. Пасля ён зрабіў круты з'езд у лес і засяроджана пачаў весці машыну. Ён нетаропка ехаў па вузкай дарозе, абсыпанай сухімі яловымі іголкамі і шышкамі. Шэрыф, сціскаючы пульхныя вусны, з незадаволеным выглядам аб'язджаў карані, якія тырчалі з зямлі. У гадзіну дня, паміж шэра-рудымі стваламі замільгала хата Віктара Траўніка, побач з якім рос вялікі шырокі стары дуб. Шэрыф, ламаючы коламі сухія галіны, пад'ехаў бліжэй да хаціны, спыніўся каля ганка. Ён заглушыў матор белага аўтамабіля, а затым, сапучы носам, цяжка выйшаў з машыны і стаў ля ганка.

– Спадар, Траўнік?! Вы дома? – гучным тонам вымавіў Бацюк.

Ён, папраўляючы штатную чорна-карычневую ўніформу, цярпліва чакаў, калі ж адчыняцца ўваходныя дзверы хаты. Але ніхто яму не адказаў, ніхто не выйшаў. Шум знутры, які даносіўся да яго маленькіх вушэй, спакушаў Бацюка падысці бліжэй да дзвярэй. Дапытлівы шэрыф зрабіў некалькі крокаў наперад, падняўся па рыпучых прыступках і, апынуўшыся ля драўляных дзвярэй, пастукаў па іх сваёй сціснутай пухлай далонню.

– Траўнік, адчыніце дзверы! – ён зноў звярнуўся да гаспадара пабудовы, нацэліўшы свой погляд на мігатлівую цень у бліжэйшага акна.

У гэты час Віктар маячыў па хаце, хаваў усё тое, што можа кінуцца ў вочы шэрыфу і навесці якія-небудзь падазрэнні ці ж стварыць недарэчныя пытанні датычна яго даследавання. Віктар устрывожана думаў толькі аб адным: ніхто не павінен даведацца, што хавае гэтая хаціна, бо гэта можа прывесці да чагосьці дрэннага. Траўнік гадаў аб будучых дзеяннях шэрыфа, шаптаў, пацеў. Працягваў бегаць па рыпучай падлозе да таго часу, пакуль Бацюк зноў, больш старанна, гучней не пастукаў у дзверы, чым раней.