Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх - страница 15

Шрифт
Интервал


Слатэрэт уздыхнуў:

– Вы ня можаце не разумець: мяне найперш цікавіць, як прадаюцца кнігі. Я выдаю тое, на што ёсьць попыт. Тэалягічнымі матэрыямі хай займаецца цэх Асьветнікаў. Я не зацікаўлены ні ў прыняцьці, ані ў адмаўленьні будзь-якіх дагматаў. З іншага боку, ня маю нічога супраць, калі кніга добра разыходзіцца ды яшчэ спрыяе… гм-м-м… «пазаплянэтнай гармоніі».

– Я гатовы рэгулярна дастаўляць вам касматэістычныя кнігі па невысокім кошце: скажам, пяцьсот асобнікаў за дзьвесьце альдэраў. Першая партыя – дармовая. Проста вазьміце іх на распаўсюд. Упэўнены, паспаліты люд Номільну ўпусьціць касьмічную любоў у свае сэрцы.

– Дайце-тка зірнуць, – грандмайстра відавочна больш зацікавіла форма, чымся зьмест кнігаў. Ён хуценька прагартаў адную, памацаў і панюхаў старонкі. – Што за матарыял?

Каўрыт каротка расказаў пра паперу.

– Узбагачаная цэлюлёза? Адмысловае напыленьне для трываласьці? Цікава-цікава…

Слатэрэт паказаў Рэўбальду на торбу з кнігамі і аддаў загад на таемнай цэхавай гаворцы, якую кніжнікі выкарыстоўвалі міжсобку. Прыслужнік падхапіў торбу й сышоў.

– Чым яшчэ магу вам дапамагчы, фар Утальтат? На жаль, я маю ня так багата часу…

– Фар Экраск, як я ўжо апынуўся ў Кніжным цэху, дык, з вашага дазволу, быў бы рады пачытаць усё, што вы маеце пра рэлігіі Анкегу.

– Ня бачу жаднае перашкоды. Вам прынясуць паесьці, пакуль Рэўбальд зьбярэ патрэбныя кнігі. Можаце бавіць у гэтым пакоі столькі часу, колькі палічыце патрэбным.

Неўзабаве прынесьлі ежу, відавочна разьлічаную на іншаплянэтнікаў: ягадны рулет у паніроўцы й запечаны зь мёдам хвост яшчура. У пакоі стала адчувальна цяплей. Каўрыт з насалодаю прыклаў рукі да прагрэтае цэглы коміну.

Рэўбальд прыцягнуў стос кнігаў на вазку, калі ад хвасту на талерцы засталіся адно косткі й храсткі. Каўрыт паглыбіўся ў чытаньне: пакланеньне забітым продкам на Гульмаскай раўніне, мэдытатыўная філязофія аўрпэнтаў, акультны канібалізм у пячорах Арліі, цьмяныя абрады велярыбных выспаў…

Ён падняўся з-за сталу, калі Клінд і Ўурд цалком схаваліся ў водах Эйтэрычнага акіяну, а незьлічоныя зоры ўшпілялі чорнае неба над Номільнам.

Праходзячы вітальняю першага паверху, Каўрыт з жахам уваччу заўважыў паразьдзіраныя асобнікі «Сямі касьмічных шчыротаў». Яны ляжалі на падлозе ля палаючага каміну.


Чоўнік выйшаў з анкегскае атмасфэры й на арбіце прыстыкаваўся да гмаху Вандроўнае Царквы Касматэізму. З шлюзу выйшаў Каўрыт Утальтат у рытуальным чорным убраньні і ўпэўнена скіраваўся ў Зорны прыдзел. Там, гледзячы ў панарамнае вакно на туманнасьць Парабрамы, стаяў Патрыярх Вірмецаль.