«Так, Юрась, ты не самы сумленны чалавек. І я сам, мабыць, таксама».
– Колькі ты хочаш? – нарэшце прама спытаў ён.
– Тысячу даляраў, – спакойна адказаў я, разумеючы, што рэальны кошт у дзясяткі разоў большы.
– Вось не прагавіты ты, Тарасавец. Дамовіліся! – імгненна адказаў радасны Юрась.
Праз месяц я прыехаў да суседкі. У кішэні ляжала тысяча даляраў, атрыманая ад Юрася, а дакладней – ад ягоных ценявых таварышаў.
Але ў кватэры чамусьці была пара незнаёмых людзей, а Вера Максімаўна адсутнічала. Я пацікавіўся, дзе ж гаспадыня.
– Яна памерла, – без усялякіх цырымоній сказаў адзін з незнаёмцаў.
– Але як гэта? – прашаптаў я, адчуваючы, што гатовы проста сесці на падлогу пасярод залы.
– Віталь вунь там, у пакоі. Можаце з ім пагаварыць, калі хочаце.
Аглушаны жахлівай навіной, я машынальна прайшоў да пакоя. Вiталька сустрэў мяне маўчаннем і злосным позіркам. Я глуха прамовіў:
– Вiталька, я магу купіць табе вазок. Мяне твая матуля прасіла. Грошы я дастаў.
Хвіліну Вiталька толькі злосна тарашчыўся на мяне, нічога не адказваючы. Нечакана ён апусціў галаву і прамармытаў:
– Не! Я не заслужыў. Маці столькі гадоў са мной мучылася. На пахаванне грошы ёсць, а больш не трэба нічога. Пакінь сабе грошы. Або лепш, ведаеш што, – тут ён падняў галаву і паглядзеў на мяне ўважлівым позiркам, – аддай грошы ў дзіцячы дом. Мая дачка ў дзіцячым доме вырасла. Ужо не паправіш нічога, яна мяне бачыць не жадае. Але можна іншым дапамагчы. Зрабі так, Гена, калі хочаш.
Я выйшаў з кватэры ні з кім не развітаўшыся. У гэты ж дзень я ахвяраваў тысячу даляраў у дзіцячы дом. Праз тры месяцы Юрася злавілі падчас яго махінацый і выгналі з працы. Юрка заўсёды быў шчасліўчык і яму пашанцавала зноў – абышлося без крымінальнай справы. А яшчэ праз паўгады медальён Мерэйны ўсплыў на буйным аўкцыёне. Нейкі ананімны спонсар купіў артэфакт і, кажуць, мае намер перадаць яго ў адзін з беларускіх музеяў. Напэўна, мой сон быў прароцкім – усё атрымалася так, як трэба. Вось толькі я да гэтага часу не ўпэўнены, што зрабіў як трэба.
– Сяргей Арменавіч Лапаткоў? – спытаў мяне Эдуард афіцыйным тонам.
Я адчуў, што мой пухнаты «дварняковы» кот, вялікі і чорны, зноў вырашыў паджартаваць. Ён звяртаўся да мяне так афіцыйна, калі збіраўся мяне падражніць.
– Чаго табе, Эдуард? – спытаў я.