Белорусский дневник – 2022 - страница 4

Шрифт
Интервал


як пра душу ні кажы.
Свабода – каб з вольным размахам
лятала, як птушка, яна,
каб далеч жыццёвага шляху
была ёй заўсёды відна.
Сумленне – каб чыстым усюды
быў след тваіх рук на зямлі,
і каб аніякага бруду
пакінуць яны не змаглі.
А смеласць – каб чорныя хмары
ты мог разганяць. Без яе
і кроку не зробіш да мары,
не спраўдзіш памкненні свае.
                                             * * *
Не папракай мяне за шчырасць,
Не дакарай за праўду ўслых.
Я разумею: б'е пад дых…
Не папракай мяне за шчырасць,
Спадзевам мне – твой цяжкі ўздых.
І пройдзе з часам, знікне прыкрасць.
Не папракай мяне за шчырасць,
Не дакарай за праўду ўслых.

Каханай

Убачыў я тваю натуру,
Чароўны стан і воблік твой —
Пачуцці выбухнулі бурай,
І з той хвіліны сам не свой.
Гасподзь ствараў цябе як мару,
І пабажыцца я гатоў:
Твой бюст, тваю скульптуру твару
Не зможа вылепіць ніхто.
Твая пяшчота пэндзля варта! —
Яна ракой з душы цячэ,
І Рэпін не знайшоў бы фарбаў
Для таямніц тваіх вачэй.
Шкада, не чуў маэстра Моцарт! —
Магу аспрэчыць галавой —
Нікому больш не хопіць моцы
Пакласці ў ноты голас твой.
Твой воблік так паэтаў вабіць! —
У сэрцах іх гарачы хмель.
І Пушкін з Лермантавым, мабыць,
Пайшлі б адчайна на дуэль.
Тваю жаночую натуру
Не для мастацкіх мэт – о не! —
Не для карцін, не для скульптуры —
Стварыў Бог толькі для мяне.

Народны дыягназ

Ад чаго арытмія ў сэрцы?
Уцякала ад смерці.
Ад чаго туман у галаве?
Чужым розумам жыве.
Ад чаго баліць жывот?
Ад сямейных згрызот.
Ад чаго трашчаць косці?
Ад злосці.
Ад чаго свярбяць вочы?
Ашукаць хтосьці хоча.
Ад чаго баляць зубы?
Ад сквапнасці.
Ад чаго трасуцца рукі?
Ад зайздрасці.
Ад чаго ледзь ходзяць ногі?
Ад гультайства.
Ад чаго смаркач пад носам?
Ад зазнайства.
Ад чаго закладвае вушы?
Ад раўнадушша.
                                             * * *
Тасуе памяць дзён былых калоду —
На чым даўно пастаўлена пячаць.
Дарма карціць ёй нанава пачаць
Шукаць у іх цяпло і асалоду:
Няма ў душы жаданага спакою —
Там рэй вядуць памылкі і грахі,
Не вытрасці ніяк з яе трухі.
І са спагадай шчыраю людскою
Не змыць з гадоў, пражытых мною, плесню —
Сама аднойчы сыдзе ў небыццё.
Ды, дзякуй Богу, доўжыцца жыццё,
І сэрца прагне, сэрца просіць песню.

У кнігарні

Божухна! Якое тут багацце! —
Ад паліц не адарваць вачэй!
Тут, нібыта ў казачным палацы,
Кніжны свет ракой дзівос цячэ.
Тут сябры яшчэ з часоў дзяцінства,