Белорусский дневник – 2022 - страница 6

Шрифт
Интервал


Душа ж трывожыцца аб нечым,
Прагнаць не можа неспакой.
Няўжо ноч зноў скрадзе мой сон,
Схавае дзесьці да світання,
І слухаць мне ў дрымотным стане
Яе самотны патэфон?
                                             * * *
Я сонца ў зімы не прашу:
Бракуе самой яго промняў, —
Абы не студзіла душу
І меней адбельвала скроні.
Я долі ў зімы не прашу:
Сама ледзь скрыпіць палазамі —
Адлігай скідае кажух
І горкімі плача слязамі.
Я шчасця ў зімы не прашу:
Яно, яе шчасце зямное,
Кароткае, кшталт скавышу, —
Сплывае з паводкай вясною.
Прашу я зіму аб адным:
Раструшч, спапялі беззваротна,
Развей над планетай, як дым,
Карону з атрутай смяротнай.

Дзяўчыне з далёкага юнацтва

Часу небагата – толькі вечар
Падарыла нам з табой зіма.
Прамільгнула знічкаю сустрэча —
І нічога ад яе няма.
Як нічога? Памяць не здаецца! —
Ёй той сцюжны вечар дарагі,
І таму не адпускае з сэрца,
Робіць, як у танцы, з ім кругі.
Ну навошта сам сабе я хлушу?!
Успамін аспрэчваю дарма! —
Калі шчыра, то прызнацца мушу:
Назірала, бачыла зіма,
Як глядзеў нясмела я ў бяздонне
Сініх азярын – вачэй тваіх,
І губамі грэў твае далоні,
Па-дзіцячы хукаючы ў іх.
                                             * * *
Душа не любіць адзіноты,
Ёй больш утульна між людзей,
Дзе вір падзей, святло надзей.
Душа не любіць адзіноты,
Самота час яе крадзе,
Нясе ёй жаласныя ноты.
Душа не любіць адзіноты,
Ёй больш утульна між людзей.

Дзіўна, што Пушкін вясну не любіў

Вясёлая пара – вачэй азеляненне,
Як грэе кроў твая вітальная краса!
Люблю прыроды трапяткое абуджэнне —
І водар пахкага зяленіва ў лясах,
Пяшчоту промняў сонца, свежае дыханне
Усёй ваколіцы, блакіт над галавой,
І покліч вечнага, сустрэчнага кахання,
Надзей загадкавых і светлых мар сувой!

Пяцігорская дуэль

Страляюць паэты ў паветра:
Не могуць у грудзі страляць.
На тое яны і паэты —
Ім сэрцы чужыя баляць.
Ім сорамна цэліцца ў сэрца,
Бо смерць – гэта ўжо небыццё.
Паверце паэту, паверце:
Ён цэніць чужое жыццё!
Не верце Мартынаву, людзі! —
Не варты ён кроплі таго:
Наўмысна ён цэліўся ў грудзі,
У самае сэрца яго.
А мог, як паэт, у паветра
Націснуць смяротны курок,
Зрабіўшы насустрач паэту
Без кулі спагадлівы крок.
Трагічная повязь абставін.
На помсце памешаны свет.
А праўда заўсёды святая —
Не мог быць інакшым паэт.
Ён словам свабодным не песціў
Ні ўладу, ні нават сяброў.
Дарэмна нікога не бэсціў
З багатых ці бедных двароў.