Дарэчы, можна вылучыць гіпотэзу аб тым, што князь выкарыстоўваў і славянскую ваенную сілу. Адзін з ягоных ваяводаў носіць славянскае па гучанні імя Хвал, хоць тут варта заўважыць, што імёны літоўцаў, тэарэтычна, маглі набыць больш славянскія формы дзякуючы славянскім складальнікам летапісаў.
Пры гэтым вядома, што ў ліку паплечнікаў Міндоўга знаходзіўся нейкі, згаданы ў ГВЛ, Астафій Канстанцінавіч з Разані, што ўжо без усялякіх сумневаў супярэчыць тэзе аб нейкім выключна «нацыянальна-літоўскім» прынцыпе падбору асяроддзя літоўскага манарха.
Вядома, што Навагародкам кіраваў сын Міндоўга, Войшалк. Укняжанне гэтага ўладцы, на думку некаторых літоўскіх спецыялістаў, суправаджалася рэпрэсіямі супраць мясцовых жыхароў. Заснавана падобнае сцвярджэнне на паведамленні летапісца, аб тым, што Войшалк, будучы язычнікам, забіваў амаль кожны дзень некалькіх чалавек.
Як апавядае ГВЛ:
«Войшалк пачаў княжыць у Навагародку, і знаходзячыся ў паганстве пачаў праліваць шмат крыві. Забіваў ён кожны дзень трох-чатырох чалавек. А калі ў нейкі дзень нікога не заб'е, вельмі засмучаўся. Калі ж заб'е каго, тады весяліцца. Потым увайшоў страх Божы ў яго сэрца, і ён думаў, жадаючы прыняць святое хрышчэнне. І хрысціўся тут жа ў Навагародку, і стаў хрысціянінам».
Аднак пра этнічную прыналежнасць гэтых нібыта забітых людзей нічога не сказана. Чаму новы князь не мог забіваць сваіх жа літоўскіх слуг, ці палітычных супернікаў, якімі маглі быць і этнічныя літоўцы і валынцы ўзятыя ў палон? Акрамя таго, само апавяданне відавочна мае рысы стандартнай хрысціянскай легенды, закліканай падкрэсліць ашаламляльную змену ўладара язычніка пасля прыняцця хрысціянства.