Слоў моб - страница 6

Шрифт
Интервал


А ў цяпершчыне пачаўся прыліў. Мільёны тон вады абрыналіся на пустэльню адусюль. І яны перасталі чакаць, яны перасталі быць сабой, увасабляючыся ў цяпершчыне іншымі, інакшымі. Цяпер яны былі чыстай радасцю – без мінуўшчыны і будучыні, яны ўбіралі прыліў усімі порамі, сёрбаючы халодныя струмені, захлынаючыся сцюдзёнай свежасцю, што нахлынула на іх. Яны пілі, яны пілі і пілі, прагна напойваючыся і брыняючы, распускаючыся вільготнымі мясістымі кветкамі, прарастаючы вёрткім ёмістым карэннем у мокрую зямлю, пясок іхніх душ быў даўно змыты прэч, цяпер іхнія душы струменіліся і цурчэлі празрыстымі ручаінкамі, грукаталі магутнымі вадаспадамі і ліліся вячыстымі добрымі рэкамі. Яны былі ў кожным новым імгненні, не ведаючы больш інакшага ад цяпершчыны.

Скончылася ўсё хутка. Вада схлынула, сышла ў зямлю, нібы яе і не было, і па пустэльні праляцеў раз’ятраны агнявы віхор, знову запанавала сонца, скварачы яшчэ гарачэй. Здавалася, прыліву не было зусім.

А што сталася з імі? Недаўвасобленыя, яны зніклі назаўсёды, жар вокамгненна выпарыў іх вадкія душы, выкрасліўшы іх не толькі з мінуўшчын і будучынь, але і з цяпершчыны…

Адліў, Нехта-хітры гучна рыгнуў і зашпіліў прарэх. Яшчэ каторы час Ён стаяў, бессэнсоўна вылупіўшы вочы на сухую даліну перад сабою, потым сербануў з пляшкі і, п’яна хістаючыся, паволі падыбаў кудысьці прэч, за нябесную цвердзь.


marine

у маім нутры

мора

там тоне караблік

я больш не ўратую

нікога


Каралі

Яна давала ў яго нырца. Два, тры, чатыры разы на дзень.

– Плюх-шабулдых!

– Плюх-шабулдых!

“Салдацікам”, спінай наперад, куляючыся, з разбегу, з месца, звіваючыся – давала нырца ў ягоныя вады, заўзята свідруючы ягоныя глыбіні.

Яна была гладкая і адважная, яе рухі былі вывераныя, так – гладкая, смелая і трапная.

Там, пад вадой, у ягонай тоўшчы, яна шторазу імкнулася сягнуць дна.

Спярша ў яе нічога не выходзіла. Ягонае дно глыбока-глыбока. Ён выштурхваў яе на па паверхню, выганяў, выціскаў яе з сябе. А яна – знову, толькі згусала кроў з вушэй – давала нырца, раз за разам.

– Ну што ж яна, нашто яна так! – думаў ён, – Хай бы плавала, проста плавала, я ж не супраць, але на дно не пушчу, іх нельга на дно.

О, якая ўпартая была яна! Яна брала ў рукі цяжкое каменне, і каменне цягнула яе да дна, а яна цягнула жылы.

Але і каменне не дапамагала.