Сход у гэты перыяд году мог адзначаць альбо перадзел паляўнічых надзелаў, альбо тое, што яго, Гаўла, выганяюць са зграі. Таму воўк вырашыў прыйсці апошнім, сесці як мага далей і не вытыркацца. А калі яго сапраўды захочуць прагнаць, ён хутка збяжыць.
“Няўжо гэта з-за таго, што ў апошні раз збег ад павіннасці?”, – гадаў Гаўл. За сваё жыццё ён усяго сем ці восем раз пагаджаўся ўдзельнічаць у нейкіх агульных справах зграі. Спрабаваў паляваць разам з усімі, але толькі перашкаджаў. Будаваў фермы ды хаты, ды праз гадзіну працы зморана валіўся на зямлю.
Нават ахоўнік межаў з яго выйшаў дрэнны. Ахоўваць было так сумна, што замест таго, каб сачыць за варожым лесам і слухаць, ён завальваўся спаць. Аднойчы яго злавілі на гэтым і пагрызлі. Той раз стаў апошнім – Гаўл паабяцаў самому сабе, што больш ніколі не будзе працаваць са зграяй. Лепш галадаць і жыць пад небам, чым цярпець пабоі ад сваіх жа.
Былі ў яго і іншыя правіны – паляванне на чужой тэрыторыі, адмова ад удзелу ў сходах, крадзеж ежы. Ніхто ў зграі не любіў Гаўла. Мінулым летам Аўчылак нават падымаў пытанне аб яго выгнанні – помсціў за сцягнуты кавалак мяса. На шчасце, ніхто яго не падтрымаў. І не дзіва – праганяць свайго, хай і такога дурнога ваўка, значыць, асудзіць яго на смерць.
“Калі ўспомніць, то мінулым разам я адмовіўся збіраць дровы ў лесе. Наўрад ці за гэта мяне прагоняць. Падчас палявання мяне ніхто не лавіў, дый не краў я нічога. А таму… Не ведаю, з-за чаго ўсіх збіраюць. Хіба толькі гэта звязана з чуткамі пра белых ваўкоў”.
Адзінец чакаў каля горада да самага пачатку. А калі здалёк пабачыў, што да ваўкоў выйшлі Грык з Аўкам, стаў прабірацца бліжэй.
2.
Макс прачнуўся з галаўным болем і дрэнным настроем. Пайшоў на кухню, адкрыў лядоўню і мацюкнуўся – засталося адно яйка і алей. Глянуў на вуліцу, дзе трэці дзень запар паліла сонца, і уздыхнуў. На небе не было ніводнай хмары, а значыць у кватэры цэлы дзень будзе стаяць спякота. А цяпер трэба было ісці ў краму.
“Цікава, чаму ў яе было мокрае адзенне, калі дажджу з аўторка не было?” – праскочыла ў галаве Макса думка пра дзяўчыну з кавярні. Ад нечаканасці ён застыў у адной шкарпэтцы. “У каго гэта была адзежа мокрая? А… Цемнаскурая незнаёмка з недарэчнай гісторыяй пра ваўкоў. Не дзіва, што яны мне ноччу сніліся. Аўкі, Грыкі…”.