– Мы павінны чакаць іх у лесе і ў чэснай бойцы забіць усіх.
– Аўчылак, чэсная бойка – гэта калі воўк б’ецца з ваўком адзін на адзін. А тут кожнаму прыйдзецца біцца з дзясяткам ворагаў. Хто яшчэ хоча гаварыць?
– Я хачу, – да ўзвышэння выйшла Сурта, старая ваўчыца з сівой поўсцю, маці Грыка. Яна заўсёды агучвала пазіцыю ўсіх ваўчыц зграі.
– Мы слухаем цябе, Сурта.
– Аўчылак – малады гарачы воўк. Ён хоча біцца і памерці. Кроў гоніць яго ўперад, а мазгі не працуюць. Калі і біцца з белымі, то рабіць гэта трэба за сценамі, якія мы зараз будуем. І чым вышэй яны будуць, тым лепш. Трэба падумаць над тактыкай. Я ведаю, што мы загінем, аднак жыццё трэба аддаць як мага даражэй. І яшчэ…
– Я хачу гаварыць!
Сурта змоўкла. Усе паглядзелі ў бок нахабніка, які перарваў прамоўцу на сходзе. Гаўл – малады, але слабы воўк, які не цаніў традыцыі і трымаўся асобна ад астатніх. Ён не працаваў разам са зграяй, самастойна паляваў і жыў у сваё задавальненне. Такія як ён былі ў кожнай зграі. Астатнія рабілі выгляд, што іх не існуе. За вочы такіх ваўкоў абразліва называлі “адзінцамі” ці “самотнікамі”.
– Вітаю цябе на сходзе, Гаўл. Калі не памыляюся, гэта твой першы сход за жыццё. Ты перапыніў слова паважанай Сурты і лічыш, што мы будзем цябе слухаць?
– Грык! Нашто мне было хадзіць на іншыя сходы? Каб вырашыць, колькі зуброў трэба з’есці? Ці ў якім лесе спыніць паляванне, каб цалкам не зніштожыць усіх жывёл? А можа, каб выбіраць ваўкоў на будоўлю фермы? Я прыйшоў на сход, калі ўсёй зграі, не, нават усім ваўкам пагражае небяспека. І вы павінны мяне слухаць. Бо я ведаю, як выратавацца.
– Добра, Гаўл. Мы выслухаем цябе. Аднак ведай, калі ты перарваў Сурту з-за нейкіх глупстваў, то пасля сходу табе прыйдзецца бегчы як мага хутчэй, інакш застанешся без хваста і вушэй.
– Я згодны. Але гаварыць буду толькі з табой і Аўкам. Усё роўна рашэнне прынятае – мы будзем змагацца з белымі. І не ў лесе, як таго хоча Аўчылак, а за сценамі, як сказала мудрая Сурта. Таму дазволь размаўляць асабіста.
– Калі так, то Сурта можа працягваць.
– Мне больш няма чаго казаць, Грык, – сказала ваўчыца.
– Ёсць у каго што сказаць? Калі не, то сход скончаны.
3.
Максім прачнуўся і закрычаў. Вялікая смуродная рука накрыла яго рот.
– Мы прыйшлі, як дамаўляліся.
Над хлопцам навісаў учарашні знаёмы з чорнымі валасамі.