Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства - страница 14

Шрифт
Интервал


25 верасьня 1992 года поштай Рэспублікі Беларусь быў выпушчаны марачны блёк і канвэрт першага дня (КПД) у гонар 1000-годзьдзя Полацкай эпархіі і Праваслаўнай царквы на Беларусі. Варта заўважыць, што падзел хрысьціянства або Вялікі раскол – распад да таго часу адзінай хрысьціянскай царквы на дзьве часткі адбыўся ў 1054.

На канвэрце малюнак пляну Полацку, складзены па карце 1579 сакратаром Стэфана Баторыя Станіславам Паховічам. На фоне пляну рэканструкцыя Полацкай Сафіі. На полі блёку фрэска з Спаса-Перамяненскай царквы «Сьвяты, які моліцца», і выява Спаса-Перамяненскай царквы. На марцы – Крыж Эўфрасіньні Полацкай.


Канвэрт першага дня з блёкам ў гонар 1000-годзьдзя Полацкай эпархіі, выдадзены ў 1992

Легендарны Усяслаў Чарадзей

Пасьля нечаканай і таямнічай сьмерці Ізяслава ў 1001 Полацкі пасад заняў трынаццацігадовы Брачыслаў Ізяславіч (990-я – 1044) – князь Полацкі (1001—1044), сын Ізяслава, унук Рагнеды. Яго княжаньне адзначылася бітвай на Судоме з родным дзядзькам Кіеўскім князем Яраславам, які атрымаў прозьвішча «Мудры». Вынікі бітвы супярэчліва перадаюцца ў летапісах, але Яраслаў прызнаў самастойнасьць Полацку. У Ісландзкай «Сазе пра Эймунда» распавядаецца, што конунг Эймунд, які ўдзельнічаў у бітве, захапіў у палон жонку Яраслава Інгегерду. У якасьці выкупу Полацк атрымаў у валоданьне Віцебск і Усьвят, атрымаўшы магчымасьць кантраляваць валокі. Фактычна гэта была перамога.


Яраслаў Мудры на блёку, выдадзеным поштай Украіны ў 1999


Існуе меркаваньне, што Брачыслаў заснаваў горад Браслаў, хоць археолягі лічаць, што Браслаў існаваў задоўга да гэтай даты.


Браслаў. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2002


Браслаў упершыню згадваецца пад 1065 у «Хроніцы» Мацея Стрыйкоўскага.

З 1001 да 1044 у Полацку валадарыў Брачыслаў, а пасьля ягонай сьмерці да 1101 найслаўнейшы з Полацкіх князёў сын Брачыслава Усяслаў, якога назвалі Чарадзеем.

Выкарыстаўшы мірныя часы, Усяслаў узводзіць храм Сьвятой Сафіі, каб аддаць пашану Богу і паказаць роўнасьць Полацку з Ноўгарадам і Кіевам. На малюнку канвэрта паказаны выгляд Сафіі ў тыя часы.

У Полацкай Сафii, пабудаванай у 1044 – 1066, увасобленая моц i ўплывовасьць Полацкага княства. Сабор Сьвятой Сафіі быў галоўным грамадзкім будынкам у горадзе. Шмат разоў перабудоўваўся i дайшоў да нас у выглядзе, набытым у ХVІІІ стагодзьдзі.