Перад стваральнікамі падобных марак паўстала вельмі складанае заданьне, што адлюстраваць на марцы, каб найдасканалей перадаць сутнасьць цывілізацыі… Як у іх атрымалася, вырашайце самі.
Цывілізацыя фараонаў і пірамід
Старажытны Егіпет займаў тэрыторыю ў даліне і дэльце Нілу ў Паўночна-Усходняй Афрыцы. Праіснавала Эгіпецкая цывілізацыя з канца 4 тысячагодзьдзя да Р.Х. да 332 да Р.Х., калі Егіпет заваяваў Аляксандр Македонскі.
Эгіпецкая цывілізацыя. Блёк пошты Сан-Тамэ і Прынсіпі, выдадзены ў 2008 і блёк пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзены ў 2012
Культура Эгіпецкай цывілізацыі застаецца адной з самых загадкавых і таямнічых у сьвеце. У 1280 да Р. Х. Маісей выводзіць свой народ з Эгіпту і каля 1280—1240 атрымлівае Дзесяць Божых Запаведзей на гары Сінай.
У 1995 у рамках 100-годзьдзя кіно ў Танзаніі была апублікаваная сэрыя паштовых марак і блёк, які паказвае амэрыканскага акцёра Тэадора Робертса ў вобразе Майсея ў фільме «Дзесяць Запаведзяў», які дэманстраваўся ў 1923. Майсей назірае, як Бог піша Запаведзі на каменных плітах.
Дзесяць Запаведзяў. Кадар з фільму. Блёк пошты Танзаніі, выдадзены ў 1995
У наш час працягваюць сваё існаваньне дзьве старажытныя цывілізацыі – індыйская і кітайская. Індыйская цывілізацыя ўзьнікла прыблізна ў 3 тысячагодзьдзі да Р.Х. і разьвівалася ў даліне рэк Інд і Ганг. Ужо ў старажытнасьці аб Індыі ведалі як пра «краіну мудрацоў». Яе жыхары першымі ў сьвеце навучыліся вырошчваць рыс, бавоўнік, цукровы трысьнёг, першымі пачалі разводзіць хатнюю птушку. Індыя падаравала сьвету лічбы, вядомыя як «арабскія», таму што перайшлі праз пасярэдніцтва арабаў, дзесятковую сыстэму рахунку, а таксама такую вялікую гульню, як шахматы. Каставая сыстэма забясьпечвала захаваньне рэлігіі індуізму і на працягу стагодзьдзяў забясьпечвала стабільнасьць індыйскай цывілізацыі. Незвычайна важная асаблівасьць Індыйскай цывілізацыі – відавочная зьвернутасьць да Сусьвету і адначасова да ўнутранага сьвету чалавека, надзвычайную «прасякнутасьць» пачуцьцём каханьня…
На блёках адлюстравана Цывілізацыя даліны Інда, або Харапская цывілізацыя, названая ў гонар старажытнага горада Харапа, – цывілізацыя бронзавага веку, тэрыторыя якой распасьціралася вакол даліны ракі Інд (сучасны Пакістан і яго навакольлі) прыкладна з 2600 да Р.Х. да 1900 да Р.Х.– першы пэрыяд Індыйскай цывілізацыі.