– Хто ты і што табе спатрэбілася на маім гарышчы? – спытаўся Казік па-буслінаму, шчоўкаючы язычком.
– Мяне клічуць Бацік, – праклекатала бусляня. – Я ад сваіх адстаў. Мы ў Афрыку ляцелі. Я прагаладаўся, захацеў жабку злавіць і заблукаў. Ы-ы-ы! Што я буду рабіць?! Я дарогі не ведаю, я ж маленькі яшчэ – толькі першы раз лячу!
– Як жа табе, беднаму, дапамагчы? А ты нумар татавага мабільнага памятаеш?
– Ага. Па-а-амятаю.
– Лічы, пашанцавала табе, хлопча. Дыктуй нумар.
Прадыктаваў Бацік нумар. Датэлефанаваўся Казік да Бацікавага таты, апавёў, што сын-шалапут у яго цяпер знаходзіцца, і дамовіліся яны, дзе буслы пачакаюць Баціка.
Пасля гэтага дахавік выцягнуў з-за коміна геаграфічны атлас і патлумачыў Баціку, дзе тое возера, каля якога яго будуць чакаць суродзічы. Потым выпілі яны малака на дарожку, бананамі закусілі, і бусел выправіўся ў шлях. А Казік лёг на ложак і зноў засумаваў. Вырашыў быў сябру патэлефанаваць, толькі вось грошы на рахунку скончыліся. Яшчэ горш дахавіку зрабілася. Але неўзабаве Казік успомніў, якую добрую справу ён зрабіў, і яму стала лягчэй.
Нечакана ў акно зноў заляцеў Бацік. У дзюбе ён трымаў партманет.
– Трымай! – праклякатаў бусел, – на дарозе знайшоў. Ізноў развітаўся і паляцеў. Гэтым разам назаўжды.
У партманеце дахавік знайшоў шмат грошай. Але наш Казік быў прыстойным і сумленным дахавіком і не мог проста так прысабечыць грошы.
Ён напісаў некалькі абвестак такога зместу: «Знойдзены партманет з грашыма. Гаспадару можна звяртацца па адрасе: вуліца Замкавая, 29, гарышча, направа каля коміна. Спытаць Казіка».
Увечары дахавік расклеіў абвескі на слупах і прыпынках ва ўсім раёне.
Цэлы тыдзень прачакаў Казік. Але да яго ніхто так і не звярнуўся па грошы.
Аплаціў тады дахавік рахунак за тэлефон, набыў красоўкі ў падарунак Юзіку, бо той даўно пра іх марыў, накупляў усялякіх прысмакаў і пателефанаваў сябру:
– Здароў, Юзік! – радасна павітаўся Казік з сябруком. – Тэрмінова прыязджай, у мяне для цябе сюрпрыз.
– Лячу, – адказаў Юзік, і пабег на вуліцу лавіць таксоўку.
І цэлых два з паловай дні балявалі Казік і Юзік. Выпілі бочку квасу, з’елі мех каўбасы. Павесяліліся, адным словам.
2. КАЗІК І ТЭХНІКА БЯСПЕКІ
Казік вельмі любіў глядзець калыханку па тэлевізары. Такая цікавая перадача! У ёй паказваюць мульцікі. А мульцікі Казік, як і іншыя дахавікі, проста абажаў. Усіх гэтых Віні-Пухаў з Пятачкамі, Малых з Карлсанамі, фрэкен Бок…