Яны былі незвычайна падобнымі адна на адну знешне. Прынамсі, так здавалася Ларысе. Жанчына бачыла копію сябе ў дачцэ, копію тых часоў, калі сама знаходзілася ў пяшчотным узросце. Абедзве светлавалосыя, не бландзінкі, але побач з імі. У абедзвюх аднолькава вытыркаліся кудзеры з прычосак і струменіліся ўніз па скронях пакручастымі завітушкамі. Абедзве мелі выразныя вялікія вочы колеру насычанага блакіту, праўда, Наташкіны выглядалі цямнейшымі, бо іх яшчэ не абмылі дажджы жыццёвага досведу і не акупавалі сляды лёсавызначальных рашэнняў. Твары абедзвюх вылучаліся матавасцю скуры, на якую ні разу не спакусіўся прыродны грыбок у вобразе прышчэй. Вусны, напэўна, у Ларысы былі бляднейшымі і вузейшымі, якім не пасаваў чырвоны колер, як Наташцы, аднак ружовы прымушаў засяроджвацца выключна на іх адных. Аднолькавая канстытуцыя целаскладаў маці і дачкі дазваляла насіць ім рэчы адна другой, што, хутчэй, падабалася Наташцы, якая неаднойчы фарсіла ў матчыных сукенках і спадніцах: яны сядзелі на дзяўчыне так, быццам адмыслова для яе і былі пашытыя. Ларыса нязлосна злавался, калі дачка брала без дазволу яе рэчы, але ў думках зайздросціла самой сабе, бо захавала, нягледзячы на цяжар гадоў, паставу старшакласніцы. Нават галасы абедзвюх мелі агульнае падабенства. Калі спецыяльна не прыслухоўвацца, лёгка можна было памыліцца, хто з іх хто.
Пакой Наташкі ўяўляў з сябе тыповы прытулак падлетка савецкіх часоў. Па ўсіх сценах Віктар Цой у розных іпастасях, кніжная зашклёная шафа, у якой наяўнасць вінілавых кружэлак і магнітафонных касет пераважала колькасць кніг. Пад акном пісьмовы стол, на ім шкло па памеры стальніцы, пад шклом зноў жа Віктар Цой; сшыткі, падручнікі, часопісы «Ровеснік» і «Мы», настольная лямпа. Падлога ў паласе, бялізнавая шафа на ёй, грувасткая, на гнутых ножках, цёмнакарычневага колеру і рыпучая, калі адчыняеш дзверы, з замкнутымі на ключыкі, што тырчалі з замкоў язычкамі, шуфлядкамі. Фатэль, старэнькі, з праплешынамі на падлакотніках, але закіданы, як малады, рознымі рэчамі і адзеннем, якое лянота скласці ў шафу. Палутарны ложак, зусім нядаўна заменены не ў карысць жалезнага панцырнага монстра, што адправіўся на балкон, бо там яму і месца, уражваў вока далікатна засланым покрывам, на якім Наташка пачэсвала каленку праз апранутыя гамашы. Магнітафон ляжаў у яе пад рукой злева, бліжэй да дзвюх узбітых, як крэм на торце, падушак пад напаўпразрыстым цюлем.