У гэтым наскрозь цёмным пад’ездзе сабакі не вадзіліся, таму маці з дачкой без прыгодаў дапялі да кватэры Беркутаў і бесперашкодна зайшлі ў памяшканне. Разбуліся ў вітальні, распрануліся і паспяшаліся ў гасцёўню, дзе Еўдакія Дзянісаўна сустрэла іх трывожным позіркам з фатэля, да якога, здавалася, прырасла і выглядала адзіным з ім цэлым.
– Прывітанне, бабуль! – падскочыла першаю Наташка, абняла і чмокнула ў старэчую, але ружовую шчаку.
– Добры вечар, мама! – павіталася і Ларыса, якая іншай мамы не ведала ў сваім жыцці. Пасля вяселля з Сашам, першым сынам Еўдакіі Дзянісаўны, неяк аўтаматычна, паўтараючы за мужам, яна пачала звяртацца менавіта так да свякрові. Зноў жа аўтаматычна села ці, хутчэй, прысела ў фатэль Пятровіча, які стаяў збоку і адначасова насупраць фатэля з Еўдакіяй Дзянісаўнай, што свякрові не спадабалася, бо ў гэты фатэль раней ніхто, акрамя Беркута, не садзіўся. Гэты фатэль, такі самы, як і яе, мяккі, з утульнымі падлакотнікамі і спінкай, засланы цёплым покрывам, быў выключна яго месцам. У ім ён драмаў падчас перагляду тэлеперадач, нярэдка засынаў і заставаўся на ноч, пакуль не прасынаўся і не ішоў на кухню, дзе вымаў з лядоўні трохлітровы слоік самагонкі, настоянай на апельсінавых корках, вырабніцтвам якой займаўся ўласнаручна, наліваў у гранёную, адмыслова пакінутую для падобнай справы на шырокім падаконні, шклянку пяцьдзясят грамаў, ні больш ні менш, выпіваў, задаволена крактаў і вяртаўся дасынаць, аднак ужо не ў фатэль, а ў пакой да жонкі, уваход у які, прыхаваны карычневымі фіранкамі, знаходзіўся паміж фатэлямі. Ложкі ў пакоі, гэтаксама, як і фатэлі ў гасцёўні, стаялі не побач ці ўсутыч, а насупраць адзін другога, падзеленыя дзвюма тумбачкамі з лекамі. Ложак Еўдакіі Дзянісаўны падпіраў сценку з узорыстым дываном на ўсю яе паверхню. Беркут жа спаў ля акна. З мэблі пакой меў яшчэ драўляную вялізную шафу з асабістымі рэчамі старых, і тое, здавалася, што шафе было зацесна. Зрэшты, і Беркута, і яго жонку ўсё ў пакоі, дзе яны толькі спалі, уладкоўвала.
– Вы штосьці ведаеце? – не прывітаўшыся, але занепакоена пераводзіла вочы Еўдакія Дзянісаўна з нявесткі на ўнучку, якая адышла да тэлевізара, і наадварот. Яна не сумнявалася, што з Беркутам якаясь сталася бяда, інакш Ларыса ніколі б не села ў яго фатэль, але чамусьці гэта хавалі ад яе.