Беркут. Кніга першая - страница 3

Шрифт
Интервал


Ён не дайшоў да дзвярэй кватэры адзін лесвічны пралёт. На апошніх кроках пачаў задыхацца. Паветра выдыхаў з шумам і крывёй з рота. Затым нібыта праваліўся ў чорны калодзеж, уверсе якога пабачыў матчын твар, які ўжо нават забыў, як выглядае. Яна, маладая, прыгожая, клікала яго, працягвала руку, ён цягнуўся да яе, але дацягнуцца не мог, як не мог і адказаць на яе кліканне, бо з горла вырываўся толькі хрыплы булькат у крывавых бурбалках і плямах.

Яго знайшоў ці, хутчэй, натыкнуўся сусед па лесвічнай пляцоўцы (іх адзіныя на ўвесь паверх дзве кватэры аднолькавымі, абабітымі чорнай штучнай скурай дзвярыма глядзелі вочы ў вочы), які вяртаўся пасля адпрацаванай змены на аўтабазе дадому, затрымаўшыся, як заўжды, ля піўбара. Ён быў крыху маладзейшы, але таксама на пенсіі, з тых немцаў, што перад вайной выслалі ў Казахстан, ачышчаючы берагі Волгі з такім імпэтам, быццам пазбаўляліся ад паразітаў. Маючы прозвішча Леўс, уласна, на арыйца сусед мала паходзіў: каранасты мацак з чорнымі, дзе-нідзе пабітымі сівізной валасамі. Больш за трыццаць гадоў Леўс круціў баранку, прымаў непасрэдны ўдзел у стварэнні аўтабазы, перасаджваўся час ад часу з грузавікоў на рэйсавыя аўтобусы і наадварот, нядаўна яму даверылі новы аўтобус і новы маршрут, пушчаны дзеля некалькіх адно пабудаваных і ўжо заселеных мікрараёнаў. Яму было не тое каб весела пасля некалькіх куфляў разліўнога піва, але настрой трымаўся прыўзняты, пакуль позірк не напароўся на распластанае наперадзе цела. Леўс затрымаўся на імгненне на прыступках, быццам праганяў насланнё, ва ўсякім разе спадзяваўся, што яму прымроілася, здалося пабачанае, аднак не. Тады ён прыспешыў крок, ужо ведаючы, здагадаўшыся, пазнаўшы па абутку, заўсёды бездакорна наваксаваным, да люстранога бляску, хоць і крыху запэцканым і падрапаным, з камячкамі прыстаўшай зямлі на падэшве, што гэта – Беркут. Беркут Яўген Пятровіч, сусед. П’яны ці што, Пятровіч? Ды не падобна на тое. Ніколі Леўс не бачыў суседа моцна датым за ўсё доўгае жыццё, лічы, побач, хоць той быў яшчэ той піток.

– Тваю маці! – заўважыў пабітую акрываўленю галаву Беркута і збітыя касцяшкі на абедзвюх руках, адна з якіх мёртвай хваткай трымала заплечнік. – Пятровіч! – дакрануўся да пляча нерухомага суседа. – Пятровіч, жывы? – тармашнуў мацней. Але той не азываўся. – Чакай, Пятровіч, я зараз!