Адным з іх была адсутнасць надзейнай памежнай аховы і кантролю на мяжы, у выніку чаго «становішча на мяжы было вельмі трывожным». Выступоўцы адзначалі, што ў памежнай паласе квітнее спекуляцыя, узмацняецца шпіянаж, а прадажнасць старых кадраў памежнай варты спрыяе кантрабандзе і вывазу з рэспублікі ўсяго, што ўяўляе якую-небудзь каштоўнасць. У выніку дэлегаты канферэнцыі аднагалосна прынялі рашэнне: «Арганізаваць пры кожным абласным, губернскім Савдэпе, а таксама пры буйных павятовых Савдэпах, вузлавых чыгуначных цэнтрах, … у памежнай паласе стройную сетку надзвычайных камісій па барацьбе з контррэвалюцыяй і спекуляцыяй».
Гэта рашэнне было падтрымана Старшынёй Усерасійскай Надзвычайнай Камісіі (ВЧК) Ф.Э.Дзяржынскім і ужо ў ліпені-жніўні 1918 г. усе губернскія і павятовыя ЧК уздоўж дэмаркацыйнай лініі былі перафарміраваны ў акружныя, участковыя і пунктовыя ЧК, а пры ВЧК быў утвораны памежны пададдзел.
Такім чынам, са жніўня 1918 г. у паласе 2-й акругі памежнай варты пачалі дзейнічаць 13 памежных ЧК: Велікалуцкая (пазней – Смаленская) акружная і 12 участковых, у тым ліку – Полацкая. Таксама тут дзейнічалі некалькі пунктавых ЧК, размешчаных у вёсках памежнай паласы і 60 камісараў пунктаў пропуску.